Главная  – ТО, ЧТО НАС ОБЪЕДИНЯЕТ  –   Творчество

Сотні ўнікальных касцюмаў за пятнаццаць гадоў работы стварыла касцюмер Таццяна Сегень

16.09.2021
Сотні ўнікальных касцюмаў за пятнаццаць гадоў работы стварыла касцюмер Таццяна Сегень
Дакладней будзе казаць не касцюмер, а загадчык касцюмернай, прыйшла на работу ў цэнтр адразу пасля Баранавіцкага педагагічнага каледжа, на базе якога пасля ўтварыўся сучасны ўніверсітэт. Таццяна Дзмітрыеўна спрабавала сябе ў якасці настаўніцы абслугоўваючай працы, пасля некалькі гадоў працавала педагогам дадатковай адукацыі. А з 2015 года жанчына з выключным густам і незвычайным позіркам на ўсё прыгожае сумяшчае работу педагога і касцюмера.

Калі вы бывалі на вялікіх гарадскіх святах, то найхутчэй бачылі яе касцюмы: незвычайныя Дзед Мароз і Снягурка, Бабкі Ёжкі, Кікімары, Снегавікі і Русалкі, сучасныя мультгероі Міньёны і Малышарыкі, – усё на акцёрах: ад галаўных убораў да абутку – яе рук справа. То яе бяссонныя ночы і самыя смелыя ідэі…

Тацяна Сегень пра тое, як і дзе нараджаецца вобраз…
– Вобраз з’яўляецца ў галаве яшчэ на этапе напісання сцэнарыя. Я абавязкова прысутнічаю ў актавай зале з самага пачатку. Гэта яшчэ нават не рэпетыцыі, акцёры і культарганізатар «прыстрэльваюцца», калі можна так сказаць. Тады і я ўяўляю свой касцюм на сцэне. Нават знешнасць
і характар акцёра, які надзене пасля касцюм для мяне важныя. Як любы творчы чалавек, я магу брацца за касцюм дзесяць разоў і пакідаць справу, а пасля за суткі выдаць выключны вобраз. Усё залежыць ад натхнення і настрою. На жаль, не хапае часу, каб саставіць эскіз, у ідэале кожны касцюм спачатку павінен легчы на паперу з усімі разлікамі па формулах. Пасля дастаў бы эскіз – ды пашыў яшчэ такі касцюм. Хоць ёсць у гэтым важкі плюс – усе мае касцюмы ўнікальныя, бо адзіныя ў сваім родзе.

Пра тое, дзе і колькі «жывуць» касцюмы
– Штучны касцюм незвычайнага героя падбіраецца доўга і карпатліва, а надзяваецца разы два-тры ад сілы. Так, Міньёны ці Малышарыкі пазабаўляюць дзятву на гарадскім свяце, пасля яшчэ паскачуць на якіх ранішніках і ўсё – момант нечаканасці пройдзе. Але яшчэ ніводны касцюм з нашай касцюмернай не прапаў і не пайшоў на ўтылізацыю. Многія вобразы мы мяняем, робім з двух касцюмаў адзін, нешта перашываем. А так званую масоўку без праблем даем нашым школам. Умова адна – да касцюма адносіцца беражліва. А касцюмаў у нас ужо сотні, не бяруся іх палічыць. Нядаўна касцюмерная пераехала ў большае памяшканне, таму яшчэ няма ніякай сістэмы. Але я з заплюшчанымі вачыма знайду любую сукенку, капялюш ці які другі рэквізіт…
Дарэчы, нават у новай касцюмернай сотням касцюмаў ужо цеснавата. Аднак ідэю стварэння музея касцюмаў у цэнтры Тац-
цяна Дзмітрыеўна не падтрымала. Майстар лічыць: касцюм павінен «працаваць» на сцэне да апошняга. А сэнсу вешаць на манекен заношаны касцюм няма. Вось фотагалерэя з вобразамі б не пашкодзіла, на гэтым сышліся мы з суразмоўцам. Хацела б наша майстар пабачыць у некранутым выглядзе свой самы першы касцюм Снежнай Бабы, які шмат гадоў таму пачаў вялікі творчы палёт будучага касцюмера.

Пра ролю выпадку ў жыцці і першы касцюм
– Калі я не памыляюся, то было напярэдадні 2005 года, гэта заўсёды гарачы час для нас, бо цэнтраўскія ранішнікі славяцца, маленькіх гасцей у нас заўсёды шмат. Я выйшла на работу пасля дэкрэта і вяла заняткі ў дзяцей, касцюмамі тады займалася мая старэйшая калега, зараз ужо пенсіянерка, Вера Хаванская. Акурат перад навагоднімі святамі яна моцна захварэла. У той час культарганізатарам была Ала Мельянчук і вось яна прыбегла да мяне і папрасіла выручыць. Так, дзякуючы нашым сумесным намаганням, нарадзіўся складаны касцюм Снежнай Бабы. Шылі з таго, што было, а была пад рукой прасціна. – Ох, колькі ранішнікаў адгуляў той касцюм! Мне спадабалася ствараць нешта прынцыпова новае – так мяне зацягнула ў касцюмерную справу.
Касцюмы-любімчыкі ў Тац-
цяны Сегень, – гэта, як правіла, самыя складаныя работы. Каб стварыць нацыянальныя касцюмы для танца, майстар спачатку «пералапаціла» гару літаратуры, вывучыла нацыянальныя ўзоры і ўсе тонкасці такіх касцюмаў. А чаго каштуе касцюм Змея Гарыныча! Гэта цэлая інжынерная канструкцыя, дзякуючы якой,
адзін герой кіруе адразу трыма галовамі Гарыныча. Дарэчы, самыя апошнія штрыхі да касцюма майстар дабаўляе ўжо падчас рэпетыцый. Важна, каб касцюм быў не толькі яркім і прыгожым, але і не перашкаджаў падчас работы на сцэне. З гадамі Таццяна
Дзмітрыеўна навучылася глядзець на некалькі крокаў наперад і прадугледжваць многае. Сама жанчына прызнаецца, што ўсе фільмы і мультфільмы ўжо глядзіць з прафесійным ухілам. Яе цікавяць вобразы герояў, іх адзенне, і пасля толькі сюжэт.

Пра любоў да ніткі і іголкі, якая была ў крыві

– Мой дзядуля Мікалай Вазнішчык пасля вайны шыў адзенне пераважна для мужчын. Тады такі талент быў на вагу золата, так дзядуля карміў сям’ю. У мяне сёння дома як самая дарагая каштоўнасць стаіць яго старэнькая машынка «Singer». Мая мама Валянціна Крывуша, настаўніца замежнай мовы, кароткі час выкладала абслугоўваючую працу ў школе. Яшчэ яна шыла для мяне і нават на заказ і расказвала, як я зачаравана глядзела, як іголка шпарка робіць строчку за строчкай і нараджаецца новая рэч, унікальная… І я не магла не шыць. Шыла спачатку рукамі, вязала. Зараз жа дома ў мяне чатыры машынкі, ад самай простай да сучаснай, камп’ютарнай. Мару пра хатнюю майстэрню. Сваіх дачок, 23-гадовую Ангеліну і 20-гадовую Кацярыну, гаспадарчаму мінімуму я навучыла – гузік яны прышыюць і падрамантуюць адзенне. На большае яны не згадзіліся, а ў такой справе настойваць нельга. Кожная абрала сваю прафесію.
Дарэчы, сваё прадаўжэнне касцюмер і педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Магія шыцця» бачыць у выхаванцах. Каля паўсотні дзяцей з 1 па 10 клас чакае педагог на сваіх занятках. Прыемна было Таццяне Сегень бачыць у класе нават хлопчыка, які прыязджаў на заняткі з вёскі. Некалькі яе выхаванак пасля такога шыцця для душы атрымалі прафесію швачкі. Першакласніцы вучацца трымаць у руках іголкі ды ніткі, а з 10 гадоў дзяўчынкі могуць садзіцца за машынкі. Тым больш, што напрыканцы мінулага навучальнага года ў класе з’явіліся шэсць новых машынак «Janome». Некалькі агрэгатаў падарылі мясцовыя прыватнікі-спонсары, адну машынку цэнтру падарыла мясцовая жыхарка. І такое абнаўленне – вялікая радасць для юных швачак, па-
верце.
А на курс маладой гаспадыні педагог запрашае ўсіх дзяўчынак. Таццяна
Дзмітрыеўна ўпэўнена – у шыцця і вязання зараз можа пачацца другое жыццё. Добра забытае старое мае традыцыю вяртацца. А сучасная моладзь усё больш настойліва прэтэндуе на незвычайнасць, нестандартнасць. Юнакі і дзяўчаты шукаюць нечага моднага і ўнікальнага – а такія рэчы найлепш пашыць і аздобіць самому, як рабілі гэта нашы бабулі.
Дарэчы, сама гераіня на сустрэчу прыйшла ў самасшытай сукенцы, а адзявацца ў магазінах яна не любіць – надта ж кідаецца ў вочы завадскі брак. Настрой купляць прападае, калі касцюмер бачыць на паліцы ўвесь размерны рад аднолькавых спадніц да прыкладу.
У размове з прадстаўніцай рэдкай прафесіі Таццянай Сегень часта гучалі словы: унікальны, незвычайны, штучны… Касцюмер не любіць паўтарацца і паўтараць, ёй па душы незвычайныя падыходы і нечаканыя творчыя рашэнні, а гэта значыць, што ў бліжэйшы час на гарадскіх святах нас чакаюць сустрэчы з новымі героямі…


Размаўляла Наталля ГЕРБЕДЗЬ,  фота аўтара і з архіва Таццяны СЕГЕНЬ.

Смотреть все