Главная  – ТО, ЧТО НАС ОБЪЕДИНЯЕТ  –   Творчество

Майстар Леанід Сянько ажывае дрэва ў руках

22.11.2021
Майстар Леанід Сянько ажывае дрэва ў руках
Багатая Стаўбцоўшчына на таленты. Захапленне выклікаюць работы разьбяра па дрэве Леаніда Сянько – жывыя, кожная – са сваім характарам.

Леанід Сянько з’яўляецца пастаянным удзельнікам рэгіянальнага свята-конкурсу драўлянай лыжкі «Бярэзінскія лыжкары». У 2018 годзе быў удастоены гран-пры, а сёлета здзівіў вялікай лыжкай, даўжынёй 1,6 м, якую ўпрыгожыў галавой мядзведзя.

Справа спадчынная

Леанід Станіслававіч жыве ў аграгарадку Дзераўная, адкуль родам. Любоў да дрэва прывіў яму дзед, які быў сталяром. З дзяцінства Леанід бачыў, што ўмелыя рукі могуць  вырабіць з прыроднага матэрыялу. Пасля арміі працаваў трактарыстам, але цяга да творчасці не давала спакою. Любіў маляваць: успамінае, як размаляваў алоўкам кабіну трактара. Паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць сталяра, рэзчыка-інкрустатара. Змяніў не адно месца працы, але з любімым заняткам – разьбой па дрэве – ніколі не расставаўся.

Бензапіла і разцы – галоўныя памочнікі

Леанід Сянько з’яўляецца членам народнага клуба майстроў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва «Пралеска», які дзейнічае пры раённым цэнтры культуры не адно дзесяцігоддзе. Шмат гадоў спецыялізуецца на манументальнай скульптуры.

У працы выкарыстоўвае ў асноўным бензапілу, дэталізуючы вырабы разцамі. Дзіўна, як з грубага бервяна можна стварыць чалавечыя фігуры, герояў казак і многія іншыя скульптуры, надзяліўшы іх індывідуальнасцю. Леанід Станіслававіч праславіўся ў народзе як выдатны майстар па вырабе фігур мядзведзя, заказы на якія не перастаюць паступаць. Двухметровую скульптуру звера ён выразае прыкладна за чатыры дні.

Майстар выкарыстоўвае розныя пароды дрэў. «Самая даступная – асіна, але працаваць з ёй цяжка з-за яе валокнаў. Найбольш падатлівая – ліпа. Аднак мне падабаецца дуб. Парода цяжкая, набыць яе складана, але вырабы атрымліваюцца выразныя, прыгожага колеру»,  – дзеліцца майстар і дадае, што разьба па дрэве – праца карпатлівая, патрабуе часу, вынослівасці і акуратнасці.

Падарунак роднай вёсцы

Леанід Сянько – пастаянны ўдзельнік розных конкурсаў і фестываляў, адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Апошняя конкурсная работа – чатырохметровы ўлан, выраблены падчас абласнога свята-конкурсу майстроў драўлянай манументальнай скульптуры  «Сонечная цеплыня дрэва», які прайшоў у Барысаве і сабраў лепшых майстроў Беларусі. Дарэчы, Леанід Станіслававіч заўсёды выразае фігуры такой даўжыні, якой у яго бервяно, нічога не адразаючы.

Яго вырабы ўпрыгожваюць многія гарады нашай краіны, асобныя падворкі. Свае работы разьбяр дорыць знаёмым і блізкім. Зрабіў ён падарунак і роднай вёсцы. Гэта скульптура рыцара. «Хачу выразаць з дубу фігуру вялікага мядзведзя і паставіць у сваім двары», – такая мара Леаніда Сянько. Да таго ж, ён плануе паспрабаваць сябе ў працы з каменем.

Уменне і талент дзераўнянскага разьбяра знайшлі прадаўжэнне: малады майстар Алег Калевіч са Старога Свержаня лічыць Леаніда Станіслававіча сваім настаўнікам. «Працавалі разам на адным з аб’ектаў. У многім пераняў тэхніку і манеру выканання работ. Вырабы майстра па-сапраўднаму народныя, простыя, гарманічныя», – дзеліцца Алег.

У Леаніда Сянько двое сыноў і чацвёра ўнукаў. Малодшы праяўляе зацікаўленасць да драўляных вырабаў, і Леанід Станіслававіч спадзяецца, што ён стане пераемнікам яго справы дзеля зберажэння і развіцця традыцый разьбы па дрэве.

Запрашаем у раённы цэнтр культуры на персанальную выстаўку майстра.


Анастасія НОВІК. Фота Наталлі КЛЫГАЧ.

Смотреть все