Главная  – ТО, ЧТО НАС ОБЪЕДИНЯЕТ  –   Творчество

Карціны, напісаныя на музыку Вівальдзі, вулічныя свяцільні ў выяве інструментальнага трыа…

22.10.2021
Карціны, напісаныя на музыку Вівальдзі, вулічныя свяцільні ў выяве інструментальнага трыа…
Пад дахам Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў развіваюць творчыя схільнасці 150 дзяцей. Не толькі выхадцаў з гарадскога пасёлка, а і з навакольных вёсак, далёкіх Краёў, Рудні, Рэчак і ўсіх астатніх населеных пунктаў ва ўсе бакі і напрамкі аж да Вялікай Гаці. Гэта 150 шчаслівых дзяцей, бо жадаючых спазнаваць свет мастацтва больш, а школа не ў стане прыняць усіх. Шчаслівыя і таму, што тут сканцэнтраваны творчы і таленавіты склад настаўнікаў музыкі і выяўленчага мастацтва, кірункаў, якія з нядаўняга часу натхняюць і пераплятаюць два гэтыя віды мастацтваў у адно цэлае, неабсяжнае і высокае.

Пабываўшы нядаўна ў Целяханскай ДШМ, згаджуся, фантану творчасці і імпэту, якім натхнёны калектыў, у гэтых сценах цесна. Самая вялікая праблема для кіраўніцтва школы – гэта плошчы. Тут задзейнічаны кожны кавалачак, але разам з тым, месца, каб выставіць дыпломы, граматы нават толькі міжнароднага ўзроўню, проста няма. А якія таленавітыя работы ствараюць вучні мастацкага ад-дзялення! Іх павінны бачыць людзі, любавацца, натхняцца, а іх таксама няма дзе выстаўляць у сценах школы, казала намеснік дырэктара Анжаліка Алегаўна Тысевіч. 

«Калі вызначаем, што гэта вельмі складаныя работы, дружна кажам: не, мы так не будзем. І… пачынаем рабіць»

Гэты выраз, які мімаходам выказаў дырэктар Целяханскай ДШМ Вадзім Леанідавіч Галоўчык, здаецца і ёсць той рычаг, які ўключаецца, калі яшчэ толькі ў паветры малюецца якая-небудзь неверагодная ідэя. Чым неверагодней і складаней, тым з большай напружанасцю будуць працаваць над яе ўкараненнем усе. Калісь, яшчэ да рамонту школы, а будынку дзіцячай школы мастацтваў у Целяханах будзе пад сотню гадоў, аўтара радкоў здзівіла з’яўленне лавачкі ў выглядзе піяніна, якую паставілі ў калідоры для дзяцей. Яна і цяпер застаецца прыемным месцам адпачынку для дзятвы паміж урокамі ў школе. Потым за яе спінай з’явіўся летні, сакавіты пейзаж, яшчэ тры карціны з роспісам па люстэрку, гадзіннік з выявай скрыпкі, потым скрыпка «засвяцілася» на ўвесь перыметр бакавой сцяны веранды… Так, засвяцілася, бо выява скрыпкі зроблена з падсветкай і вечарам яна прыцягвае вока то жоўтым фонам святлаценю, то фіялетавым, то зялёным…

Карціна ў фармаце псеўда-ЗD у кабінеце графікі

Еўрапейскі пейзаж у фармаце прасторавай выявы з’явіўся ў Целяханскай ДШМ яшчэ тады, калі ў інтэрнэце карцін 3D пападаліся адзінкі, а ў жыцці – такіх вобразатвораў яшчэ і цяпер у нашым раёне не бачыла нідзе. Настаўнік камп’ютэрнай графікі Целяханскай ДШМ Андрэй Іванавіч Белякоў ствараў яе, як ён сам прызнаецца, дастаткова доўга, бо займацца гэтай работай ён мог толькі ў вольны ад работы час. Спачатку расчарціў сцяну кабінета, захопліваючы вуглы з абодвух бакоў, і маляваў, прапрацоўваючы скрупулёзна ўсе дэталі ў камп’ютэрных праграмах.

За аснову ўзяў старыя фатаграфіі з выявамі французскіх, германскіх, чэшскіх і польскіх гарадскіх пейзажаў, крыху дапрацаваў іх – і атрымаўся еўрамікс. Гэта паў аб’ёмнае выяўленне. Часткі, якія выступаюць, робяцца з гіпсу, а астатняя плошча – размалёўваецца па сцяне. У стылі псеўда-3D.

Глядзіш і здаецца, што вуліца ідзе ўглыб, і не заўважаецца ні сцяны, ні вугла сцяны – спецыяльна зроблены перспектыўны эфект. Ты быццам акунаешся ў жыццё таго гарадскога квартала, які паўстае перад табой. Заварожвае жыццё за вокнамі гарадскога дома, дзе прымяраюць модны капялюшык, глядзяцца ў люстэрка, дзе пякуць булкі, гандлююць, дзе, словам, кіпіць жыццё. «Мне здавалася, што будзе цікава зрабіць вулічнае асвятленне. І з’явіліся на карціне свяцільні з жывым святлом ад святлодыёдных лямпачак. З асвятленнем карціна цікава глядзіцца, калі на вуліцы цямнее, – расказвае майстар, – свяцільні, як жывыя… А па брусчатцы быццам едуць сапраўдныя аўтамабілі, якія вось-вось засігналяць у знак прывітання. Дзецям падабаецца, ім цікава заходзіць у клас, разглядаць кожную дэталь, абмяркоўваць…»

Аб’ёму дадае і гарадскі гадзіннік, які прымыкае да пейзажу і надае асаблівы антураж. На сцяне, высока ў небе зроблена выпуклая выява дырыжабля, і настаўнік казаў, што ў планах са столі кабінета павесіць дырыжабль, загатоўкі макета якога ляжаць на шафе і чакаюць свайго моманту.

Балкон і сцэна з кулісамі, падгледжанымі ў Прыбалтыцы

Памятаю, як педагагічны калектыў Целяханскай ДШМ марыў аб балконе ў глядзельнай зале. Кожны раз падчас справаздачнага канцэрта было праблемна ўмясціць гасцей. А жадаючых пабываць на гэтай цікавай і высокапрафесійнай дзеі заўсёды многа. І мара стала явай. Балкон з’явіўся дзякуючы намаганням калектыву, а разам з ім змяніўся выгляд усёй глядзельнай залы. Сцэна зроблена з падсветкай, і столь ў двух узроўнях з падсветкай і з люстэркавым адбіццём дадае аб’ёму і прасторы. Па-мастацку зроблены шторы, над увасабленнем ідэі разам са швачкай працавала Анжаліка Алегаўна. Яны атрымаліся цудоўным аздабленнем і ўпрыгожаннем залы. Кулісы ў выглядзе маленькай гардэробнай з лёгкімі шторамі, расказвала яна, падчас выступленняў за мяжой падгледзелі ў Каўнасе. Выступоўцы гатуюцца ў гэтай маленькай гардэробнай перад выхадам на сцэну і не адцягваюць увагу ад асноўнай дзеі, якая ўвасабляецца на сцэне. На хаду, казаў дырэктар Вадзім Галоўчык, прыдумалі падсвяціць ступенькі, якія вядуць на балкон. Падсветка ступеняў выконвае і ролю эканомнага асвятлення. калі трэба падняцца на другі паверх на заняткі, святло ўсёй залы не ўключаецца, уключаюцца ступені, і вучні праходзяць.

Звяртала ўвагу Анжаліка Алегаўна Тысевіч на гардэроб. Месца для яго няма, і таму вешалкі для дзіцячага верхняга адзення майстравалі самі. Нават для любой дробнай справы павінны сысціся некалькі момантаў: трэба, каб нарадзілася ідэя і знайшоўся чалавек, які зробіць эфектыўна, надзейна і з фантазіяй.

Усе ў аздабленні калідораў і кабінетаў тут робіцца сваімі рукамі. Не шкадуе часу і сам дырэктар, які ў школе, як кажуць, і днюе, і начуе. Увесь калектыў падабраўся творчы, працавіты, з якім любая задача – па плячы, усе ўдзельнічаюць у творчых працэсах.

Старажытная Грэцыя і фараоны

Наталля Аляксандраўна Фядковіч – кіраўнік мастацкага аддзялення Целяханскай ДШМ. Яна паказала нам адзін з першых кабінетаў, дзе вывучаліся тэорыя і гісторыя мастацтваў. Перад уваходам – чатыры фрэскі, як казала мастак, гэта пячэрнае мастацтва, а як зрабілі іх, толькі тады заўважылі, што фараоны быццам усе «ідуць» у кабінет. Адчыняеш дзверы, а там на сцяне – Старажытная Грэцыя.

– Гісторыя мастацтваў пачынаецца менавіта адсюль. Тут багіні Венера, Ніка і кампазіцыя зверху – Парфенон, – расказвае Наталля Аляксандраўна. – Мы сюды прыходзім і расказваем дзецям. Тут, на карціне, кожны будынак нешта азначае: Калізей, храм багіні Нікі, вароты Старажытнай Грэцыі, аліўкавае дрэва… Усе дэталі з сэнсам, і атрымаўся наглядны дапаможнік для вывучэння гісторыі мастацтваў.

Тэхніка, у якой зроблена сцяна кабінета, на самой справе называецца фрэска, але настаўнік не пасмела назваць гэта фрэскай.

– Гэта больш дэкаратыўнае афармленне сцяны і роспіс па сырой тынкоўцы, і рэльеф, – тлумачыла Наталля Аляксандраўна. – Рашоткі на ацяпляльныя батарэі пад вокнамі і стол для агульных заняткаў таксама зрабілі састаранага выгляду, каб усё адпавядала аднаму стылю.

Малююць музыку

У мастацкім аддзяленні займаецца 42 чалавекі і ў студыі – каля 20. Настаўніца парадавалася за сваіх выхаванцаў. Творчых дзяцей многа, казала яна, а Паліна Пазняк з Рэчак, Люба Халадовіч з Соміна, Мікіта Якімовіч з Горталя – паказваюць каласальны рэзультат.

Апошнім часам музычнае і мастацкае аддзяленні працуюць у творчым тандэме. Юным мастакам праводзілі кансультацыі па музыцы, і яны пасля малявалі пачутыя музычныя творы. Так з’явіўся выпускны праект «Поры года». Выпускнікі слухалі музыку і стваралі струнныя інструменты адпаведна сезону: гітара – гэта восень і з’явілася выява гітары з асеннім пейзажам на ёй, балалайка – гэта лета, домра – зіма, а вясна – гэта мандаліна з залатымі струнамі і журчаннем ручаёў. Сёння гэтая выпускная работа мастацкага аддзялення ўпрыгожвае сцяну кабінета, дзе вядуцца ўрокі музыкі.

Рыхтуецца ў Целяханскай ДШМ і клас тэарэтычных дысцыплін. Сцяну яго ўпрыгожыць таксама выпускная работа самых моцных дзяцей-выпускнікоў, якія на музыку Вівальдзі «Поры года» стваралі карціну ў рэжыме анлайн. Гэта чатыры асобныя карціны, якія звязаны адным небам, але на кожнай – свая пара года. Дастаткова складаная работа, але выпускнікі справіліся і цудоўна абаранілі свой праект. У выніку, як канчаткова вызначыцца месца, будзе зроблена адпаведная падсветка гэтага твору. «Стараемся і мастацкае аддзяленне і музыкантаў разам прыцягваць, – казаў дырэктар. – Мастакі малююць музыку, а музыканты натхняюцца карцінамі і паказваюць, што мастацтва – яно бязмежнае».

Джаз-бэнд – у двары школы

Свяцільні ў двары школы мастацтваў – проста шэдэўр. Гэта работа ў выкананні рабочага школы Віктара Уладзіміравіча Стацэнкі, творчага і натхнёнага на рэзультат чалавека, з прыходам якога ў калектыў, многае ў інтэр’еры школы змянілася. Свяцільні, быццам музыканты з віяланчэллю, саксафонам і арфай, спыніліся ў дворыку для выступлення. Гэтае месца стала своеасаблівай фотазонай для целяханцаў.

– Людзі ідуць і фатаграфуюцца ў нашым двары і ў выхадныя, і ў будні. Мы радуемся, што атрымалася такая зона адпачынку, – казаў Вадзім Леанідавіч. – мінулай зімой, дарэчы, ні адной лямпачкі не выкруцілі, хаця віселі яны на адлегласці выцягнутай рукі. Аказваецца, людзі цэняць тое, што мы сваімі рукамі ствараем. Гэта радуе.

Творчы калектыў – гэта 21 настаўнік, некаторыя заняты на паўстаўкі, адміністрацыя школы і дырэктар. І пакуль ёсць такія калектывы, можна ганарыцца за краіну. Яны – як сапраўдныя чараўнікі, якія з нічога могуць стварыць такое, што многім і не снілася.


Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Смотреть все