Главная  – ТО, ЧТО НАС ОБЪЕДИНЯЕТ  –   Творчество

Юная мастачка Ніна Калашнікава: "Маляванне — лепшы сродак ад суму"

23.11.2021
Юная мастачка Ніна Калашнікава: "Маляванне — лепшы сродак ад суму"
— Ні дня без пэндзліка, ні гадзіны без алоўка, ні мінуты без натхнення! – так характарызуе сваё жыццёвае крэда вучаніца Параслянскай сярэдняй школы Ніна Калашнікава.


Дзяўчынцы ўсяго 12 гадоў, але малюе так, што здзіўляе нават выкладчыкаў мастацкага аддзялення Пружанскай ДШМ, якія бачылі нямала таленавітых дзяцей.

— Ніна не проста адораная дзяўчынка, — сцвярджае педагог Аляксандра Мазець. — Яна сапраўдны самародак, валодае неверагоднымі здольнасцямі. Дзяўчынка ўпэўнена ў сабе і свабодная ў творчасці. Малюе часта, малюе шмат. Зусім не баіцца эксперыментаваць. У яе асаблівае, свежае бачанне навакольнага свету і, што характэрна, поўная адсутнасць куміраў у свеце мастацтва.

— Што зробіш, няма ідэальных мастакоў. Калі ўгледзецца ў карціны таго ж Леанарда да Вінчы ці Ван Гога, то нават у іх можна ўбачыць памылкі ў пабудове перспектывы, накладанні ценю, стварэнні аб’ёму. Не ведаю, свядома яны зроблены ці не, але захаплення ад гэтага не адчуваю, ужо прабачце, — кажа сама Ніна, адразу падкупляючы сваёй дзіцячай непасрэднасцю і шчырасцю.

І паказвае нам цудоўны пейзаж, напісаны гуашшу падчас пленэра: арыгінальная кампазіцыя, эмацыйная восеньская палітра, найтанчэйшы мазок, праз які струменіць яркае святло, — усё сведчыць пра тое, што перад намі, не пабаюся гэтых слоў, вялікі талент.

А таленту можна ўсё, нават здзіўляць неардынарнымі думкамі.

У свой час, калі дзяўчынцы споўнілася толькі тры гады, родныя падарылі ёй шмат размалёвак. І Ніна, ляўша ад прыроды, іх старанна (па 10-15 штук у дзень) размалёўвала, развіваючы то левую, то правую руку. Неўзабаве бацькі запісалі малую ў студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і там яна малявала, пляла, ляпіла з пластыліну і гліны, заўсёды дамагаючыся дасканаласці ліній.

— Лічу, калі бярэшся ляпіць ці маляваць лісічку, то старайся, каб яна была падобная на сябе, а не на ваўка ці, што яшчэ горш, на кракадзіла. Тая ж гісторыя з грыбочкамі ці збанкамі. Дамагчыся падабенства з арыгіналам нескладана, трэба толькі не ленавацца, а шліфаваць работу, пакуль не атрымаецца. Не багі ж гаршкі абпальвалі! – упэўнена кажа Ніна, а нам заставалася толькі здзіўляцца і захапляцца.

Мабыць, справа не толькі ў таленце і ўседлівасці нашай гераіні?

— Сакрэт поспеху Ніны — у тым ліку ў яе ўменні «завісаць» над, здавалася б, самымі простымі рэчамі! — мімаволі адказвае на наша пытанне мама Марыя Барысаўна. — Кропелькі расы на траве, шэрань на дрэвах, першыя сняжынкі на каўнерыку, каменьчык ці трэсачка пад нагамі, тая ж інфузорыя-туфелька ў падручніку па біялогіі — дачка ва ўсім бачыць нейкі мікракосмас і гатова яго адлюстроўваць.

Ніна нават на канікулах пастаянна малюе, чаму, да слова, вельмі рада яе выкладчыца ў школе мастацтваў.

— Малюю таму, што люблю свет, — прызнаецца дзяўчынка. — Да таго ж, у мяне дома няма дэфіцыту матэрыялаў: алоўкі, гуаш, акварэль, акрыл, алейныя фарбы і нават фарбы для адзення — усё ідзе. У цэлым, маляванне не любіць прастою — трэба пастаянна набіваць руку. А яшчэ, адкрыю вам сакрэт, — гэта лепшы сродак ад суму. Бывае, ноччу ўбачу ў сне нейкую карціну, прачнуся, а днём з нецярпеннем чакаю, калі ўрокі скончацца, каб пачаць яе ствараць.


Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.

Смотреть все