Традыцыйныя народныя лялькі: абярэгавыя, абрадавыя, гульнёвыя

30.11.2021
Традыцыйныя народныя лялькі: абярэгавыя, абрадавыя, гульнёвыя
У прасторнай музейнай зале на паліцах размясціліся каля 100 розных калекцый. Чаго тут толькі няма: самавары, елачныя ўпрыгожванні, музычныя інструменты, значкі, лапці, бутэлькі, календары…

Захапляе зацікаўленых наведвальнікаў стракаты куток з мноствам лялек розных колераў і памераў. Тут захавальнік музейных каштоўнасцей Людміла Нікіціна  сабрала прадметы народнага рамяства з усіх рэгіёнаў Беларусі. Пра іх вядзе захапляльны аповед разам са сваімі памочнікамі — юнымі экскурсаводамі.

Лялька вядомая з глыбокай старажытнасці: усюды, дзе б ні сяліўся чалавек, яна была яго нязменным спадарожнікам. Традыцыйныя народныя лялькі служылі беларусам рытуальнымі абярэгамі, з’яўляліся абавязковымі атрыбутамі святочных абрадаў. Па сваім прызначэнні падзяляліся на тры вялікія групы: абярэгавыя, абрадавыя, гульнёвыя.

Асноўныя патрабаванні да вырабу лялек былі наступныя: нічога нельга праколваць іголкай — усё прымотваецца і прывязваецца, нават тканіну было пажадана ірваць, а не рэзаць, таму часам такія вырабы называлі «ірванкі». Нельга было прышываць да галавы валасы. Па форме імкнуліся рабіць яе крыжападобнай, каб не было падабенства з чалавекам, дзеля гэтага не малявалі і твар, бо лялька без вачэй лічылася неадушаўлёным прадметам і не магла ўвабраць у сабе ліхія сілы, а значыць, была бясшкодная для гаспадара. Ствараючы ляльку, неабходна было ўкласці ў яе сваю дабрыню і святло, бо яе задача — абараніць ад злосці, прыняць хваробы і няшчасці, уладкаваць сямейны дабрабыт.


Людміла Канстанцінаўна паказвае першы экспанат. Гэта «неразлучніца», якую дарылі маладой пары на вяселле. Уяўляе сабой постаці хлопца і дзяўчыны, якія трымаюцца на палачцы, як сімвал душэўнага адзінства і моцнай сям’і. Есць і яшчэ адзін варыянт гэтага вырабу — лялькі жаніха і нявесты «садзілі» на галінку, якая зраслася з другой, сімвалізуючы тое ж самае. Глядзім далей: на далоньцы Нікіцінай з’яўляецца нешта падобнае да мяшэчка з крупамі, якія прыемна шамацяць у руках.

— А гэта лялька-«зярнушка», яна павінна быць у кожнай хаце, каб у сям’і было багацце. Тут унутры зярняткі з лепшых леташніх снапоў, а з кожнага новага ўраджаю гаспадыня рабіла новую зярнушку, каб на стале быў хлеб , а ў доме — дастатак, — распавядае краязнаўца.


Колькі тут розных лялек, аж вочы разбягаюцца! Затрымала позірк на цікавым вырабе, падобным да жанчыны з шыкоўным бюстам у пышнай блакітнай спадніцы з белымі рамонкамі. Прынюхалася: мята, ноткі чабору, нешта яшчэ… Гэта «траўніца», якая напоўнена духмянымі лекавымі травамі, паварушы яе ў руках — і па пакоi разальецца травяны дух. Лічылася, што лялька адганяе хваробы, дзеля гэтага такі абярэг падвешвалі над ложкам хворага чалавека. Яшчэ ў калекцыі прадстаўлены «лакатніцы», назва паходзіць ад таго, што дзяўчаткі раней бралі палена па памеры локця і абкручвалі тканінай, гушкалі. Гэта так званы прататып сучаснай прыгажуні-барбі. Лялька ў выглядзе жанчыны з дзеткамі, якую наўмысна рабілі да вяселля на прыплод, называецца «стаўбушка».

— Лялькі-«скруткі» розных колераў і памераў, якіх прадстаўлена ў калекцыі шмат, мы з дзецьмі таксама навучыліся рабіць. Цудоўныя майстар-класы праводзіць бібліятэкар Вольга Іванова, — працягвае Нікіціна.

Прыцягваюць увагу гасцей вырабы майстрыцы Святланы Лягковай, якая падарыла свае работы ў экспазіцыю. Яна карпатліва вяжа з нітак народныя лялькі ў розных вобразах. Справа вельмі цяжкая і ўнікальная.


Традыцыі беларускага народа, фальклор і здабыткі мастацтва — гэта найкаштоўнейшая спадчына, якую беражліва захоўваюць і папулярызуюць у Заронаўскім музеі.


Аляксандра ГВОЗДЗЕВА. Фота аўтара.

Смотреть все