Па матывах узорнага ткацтва

14.10.2021
Па матывах узорнага ткацтва
У фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея захоўваецца мноства посцілак і дываноў, вытканых уручную майстрыхамі Мінскай вобласці. Сярод традыцыйных узораў і арнаментаў ёсць і незвычайныя.

Традыцыі ў арнаменце

Цяжка знайсці народ, чый нацыянальны касцюм не быў бы аздоблены арнаментам з уласцівымі традыцыямі тканых узораў. У беларускім арнаменце прасочваецца выразная геаметрыя, дзе кожны ўзор мае свой сэнс і значэнне. Элементы сімвалізуюць прыгажосць і дабро, надзею і сілу, увасабляюць павагу чалавека да роднай зямлі і сваіх продкаў.

Дзяўчаты і жанчыны ўпрыгожвалі тканіну яркімі ўзорамі, такім чынам з’яўляліся галубкі, ромбы з зорачкамі… Нават словы песні «клаліся» на покрыва. Ідэя магла быць падгледжана або ўзята з малюнкаў, паштовак, часопісаў, навеяна апавяданнямі аб далёкіх краінах, але сюжэт кожная ткачыха стварала сама.

Лебедзь і лілеі

Вышываны дыван быў створаны Ганнай Багуцкай з вёскі Ляды Лагойскага раёна. На дыване з самаробных ільняных нітак шэрага колеру (нябеленых) узор вышыты крыжыкам белымі баваўнянымі ніткамі.

Навуковыя супрацоўнікі паспрабавалі расшыфраваць вышыўку. Па перыметры выраб упрыгожаны раслінным арнаментам, кветкамі. У цэнтры вышыты лебедзь, вакол яго сімвалічная рамка з элементаў, кожны з якіх увасабляе дрэва жыцця. Аснова дрэва моцная — гэта бацькі, якія падтрымлівалі дачку, а само дрэва невялікае, з рэдкімі галінкамі – яе асабістае жыццё. Можна меркаваць, што лебедзь сімвалізуе адзіноту майстрыхі. Птушка маленькага памеру, вакол яе пустая прастора, што адпавядае асабістаму ўяўленню пра сябе. Ганна Паўлаўна не выйшла замуж. Але яна была добрай гаспадыняй, трымала гаспадарку, працавала ў калгасе. У яе садзе цвілі прыгожыя лілеі. Магчыма, таму раслінны ўзор на дыване выкананы з элементаў, якія нагадваюць гэтыя кветкі. Другі варыянт расшыфроўкі – вышыўка дывана засталася незакончанай.

Дыван закладны «Павы»

Дыван з вёскі Гарнастайлава Капыльскага раёна 50-х гадоў ХХ стагоддзя выкананы ў нязвыклых для традыцыйнага беларускага ткацтва колерах з яркім малюнкам дзіўных птушак і кветак на чорным фоне. Пашыты з дзвюх частак выраб мог выкарыстоўвацца ў якасці посцілкі ці насценнага дывана, які стварае ўтульнасць і паказвае майстэрства гаспадыні.

Лёс майстрыхі хутчэй за ўсё склаўся не так, як хацелася. Паўліны (магчыма, сімвал «прыезджага» хлопца з далёкай краіны) хоць і сядзяць на яркіх, пышных кветках (шчаслівае жыццё і каханне), але глядзяць у розныя бакі (яны не разам).

Такім чынам, на даматканым дыване можна і ў мінулае адправіцца.

Музейныя супрацоўнікі запрашаюць у вандроўку.

Смотреть все