Як шылі і ўпрыгожвалі адзенне сто гадоў таму

24.11.2021
Як шылі і ўпрыгожвалі адзенне сто гадоў таму
Аднойчы ў рэдакцыі на 8 Сакавіка мы вырашылі зрабіць імправізаваны паказ мадэляў. 

І я не ўпусціла нагоды пакрасавацца ў бабулінай сарочцы! 

Думаю, гэтай сарочцы гадоў каля сотні. Яна яшчэ помніць рукі маёй бабы Маланні, якая, як тая Вулляніца з песні, сеяла і рвала каноплі (лён на нашай пясчанай зямельцы не рос), мяла іх, трапала, часала, прала, ткала, бяліла палатно… І толькі ўжо потым – кроіла, шыла і вышывала гэтую  сарочку. 

…Увогуле роднай бабулі ў мяне не было: бацька сваю маці амаль не памятаў, яна памерла маладой, маміна не вярнулася са ссылкі, куды іх адправілі пасля раскулачвання. Бабуляй я лічыла матчыну цётку Маланню. Яна любіла мяне, падшыванку, і калі ёй перападаў гасцінчык, прыносіла са словамі: «Еш, дзіцятка. На мне ўжо прапашчае…»

У дзяцінстве гэтая сарочка не здавалася нечым незвычайным – от, ляжыць у шафе нейкая латка… Не модная, не сучасная… Гэта ж не крымплен! І аднойчы я моцна папсавала рэліквію: маці, ідучы на работу, загадала памыць падлогу, а я, не знайшоўшы анучы, адхапіла кавалак падола ад бабулінай сарочкі. За што, вядома ж, «адхапіла» ад мамы.

А калі сарочка перайшла мне ў спадчыну, разгледзела яе як след – і прыйшла ў захапленне. Як ладна, сёння б сказалі – функцыянальна – скроена! Здаецца, без усялякіх «выкрунтасаў»: прамая, а ў рукавах пад пахамі – вялікія ўстаўкі-ластавіцы, каб рукі свабодна хадзілі, нішто не замінала. Вялікі разрэз на грудзях – каб дзіця было зручна карміць. Ля каўняра, на рукавах акуратная, бы плісіроўка, зборачка – сарочка лоўка аблягае шыю і запясці. А гузічкі, гузічкі! Яны мяне дабілі… Самаробныя, з нітак – а трывалыя. Прышытыя – не адарваць. І акуратная пяцелька, каб іх зашчапіць. Шылася рукамі, а нібы на машыне: шывочкі дробненькія, роўныя, адзін у адзін. 

І вышыўка! Крыжыкі, бы з-пад трафарэта. Колькі часу прайшло – чырвоныя ніткі такія ж яркія. Толькі чорныя (а мо, зялёныя?) за гады страцілі першапачатковы колер.

…Час ад часу дастаю бабуліну сарочку, любуюся, захапляюся і дзівуюся: якімі ж майстрамі былі нашы продкі! Яны так шмат і цяжка працавалі – і ўмелі рабіць прыгожа і трывала, каб і паўсядзённая рэч была – на стагоддзі!

Дзякуй, бабуля Малання. Светлая памяць…

1.jpg

Текст: Нина Рыбик. Фото: из архива «АП».

Смотреть все