Абрад "Багач" - свята ўраджаю

23.11.2021
Абрад "Багач" - свята ўраджаю

Абрад “Багач”, прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю, правяліна Ашмяншчыне. Так склалася, што супала мерапрыемства з прафесійным святам работнікаў сельскай гаспадаркі, якія якраз у гэты дзень падвялі вынікі сельскагаспадарчага года і ўшанавалі лепшых працаўнікоў сваёй галіны.

Свята ўраджаю “Багач” вядомае не на ўсёй Беларусі. Згадкі пра яго сустракаюцца на тэрыторыі Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Работнікі ўстаноў культуры Ашмянскага раёна паспрабавалі ўзнавіць традыцыю сваіх продкаў і ўзгадаць, як гэты абрад праходзіў на Ашмяншчыне.

На вёсцы ў гэты дзень усе жыхары збіраліся талакой, перш за ўсё рабілі Багач — лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Кожны вясковец па жменьцы прыносіў зерне новага ўраджаю для Багача. Лубок з жытам або пшаніцай і запаленай свечкай праносілі па вёсцы і абавязкова вакол статку. У працэсіі ўдзельнічалі ўсе вяскоўцы.

Такая вось талака завітала ў госці да Ганулі і Міхася, у ролі якіх выступілі Святлана Ганусевіч і Эдвард Булкевіч. Абрад, скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу, суправаджаўся беларускімі народнымі песнямі, прыпеўкамі і танцам “На рэчаньку”, якія выканалі ўдзельнікі народных калектываў устаноў культуры раёна – “Жытніца” (Кракоўскі аддзел культуры і вольнага часу) і “Граўжанцы” (Граўжышкоўскі аддзел культуры і вольнага часу).

На свята гаспадыня напякла пірагоў з мукі новага ўраджаю, якія ў беларусаў заўсёды былі сімвалам жыцця і працы, а таксама нагатавала розных страў з гародніны і мяса. Госці частаваліся і дзякавалі гаспадарам за багаты стол, пры гэтым шчыра жадалі ім добрага ўраджаю ў полі і прыплоду ў хляве, а таксама сямейнага ладу.

Багач размясцілі пад абразамі на покуці. І так да наступнага года. Міхась выказаў меркаванне, што працаваць ён будзе і далей гэтак жа шчыра, каб і ў наступным годзе грамада абрала яго з Ганнай лепшымі гаспадарамі і прынесла на захаванне Багач.

У гэты дзень традыцыйна ладзіліся кірмашы, на якіх сяляне маглі прадэманстраваць і свой багаты ўраджай, і залатыя рукі. Удзел у імправізаваным кірмашы прынялі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Валянціна Свірская, Мар’ян Козар і Марыя Заянчкоўская, якія зладзілі выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці майстроў аддзела і правялі майстар-класы для ўсіх жадаючых па саломапляценні, ганчарнай справе, вырабе лялек.

Што цікава, Багач не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы: «Багач — бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс араць», «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку».

Фальклорнае свята “Багач” стала адным з мерапрыемстваў, рэалізуемых у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Культура аб’ядноўвае народы». Праект ажыццяўляецца па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна» сумесна з польскай гмінай Сувалкі.


Аліна БЕЛІЦКАЯ. Фота аўтара.




Смотреть все