Главная  – Интервью

"Бібліятэка — гэта ў першую чаргу супольнасць людзей" - старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Уладзімір Кулажанка

20.07.2021
Прагрэс навук і машын — карысны сродак, але адзіная мэта цывілізацыі — развіццё чалавека, гаварыў італьянскі пісьменнік Эніа Флаяна. Ці ўяўляецца гэта без кнігі? Што ёй наканавана ў эпоху лічбы? Як будуць суседнічаць бібліятэкар і штучны інтэлект? Мы звярнуліся да інтэлектуала, эксперта ў галіне кніжнай будучыні, які тонка адчувае сучаснасць. Наша гутарка — з дырэктарам Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, старшынёй Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Уладзімірам Кулажанкам.


— Уладзімір Генадзьевіч, вы нядаўна вярнуліся з ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Кніга і чытанне ў лічбавую эпоху», што ладзілася ў Кыргызскай Рэспубліцы. Ці працягвае кніга весці рэй у сучаснасці? — Свет увогуле і гуманітарныя веды і бібліятэкі ў прыватнасці, а таксама адукацыя, навука, выдавецкая справа сёння перажываюць сур’ёзныя праблемы, звязаныя з лічбавай трансфармацыяй. Паўстаюць і цяжкасці ў распаўсюджванні кнігі, чытання і карыстання бібліятэкамі.

Канферэнцыя ў Кыргызскай Рэспубліцы сабрала экспертаў з розных сфер: выдаўцоў, спецыялістаў у галіне медыяадукацыі і бібліятэказнаўства, прадстаўнікоў акадэмічнай суполкі, выкладчыкаў вядучых ВНУ краін СНД... Сустрэча прадстаўнікоў розных прафесій на адной пляцоўцы дазволіла ўбачыць праблемныя моманты.

А яны часта ўзнікаюць з-за адсутнасці ўзаемадзеяння, напрыклад, бібліятэкараў і выдаўцоў альбо акадэмічных вучоных і публічных бібліятэк. Гэта стварае складанасці, якія не дазваляюць аб’яднаць нашы намаганні, каб яны адпавядалі зменам, што адбываюцца вельмі хутка.

1944 год.

1944 год.

Яны незваротныя, мы да іх заўсёды не гатовы. І каб рэагаваць адэкватна, патрэбна кансалідацыя. Канферэнцыя адбылася на высокім узроўні. Арганізацыйнымі пытаннямі займаўся Расійскі камітэт праграмы ЮНЕСКА «Інфармацыя для ўсіх», а фінансавую падтрымку аказваў Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД (МФГС). Па сутнасці, гэта першая вялікая падзея для творчай інтэлігенцыі пасля працяглага перыяду абмежаванняў, калі мы змаглі сабрацца ўжывую. Канферэнцыя ў Кыргызскай Рэспубліцы згуртавала каля 150 экспертаў з усіх краін СНД. 

— Праблема чытання і кнігі на сучасным этапе паяднала народы...

— Сапраўды, праблема глабальная. Расійскія калегі кіруюцца тым, што прэзідэнт Пуцін заявіў аб неабходнасці вярнуць Расіі статус самай чытаючай краіны свету.

Таму ў іх у гэтым кірунку выбудоўваецца стратэгія. Вялікую работу вядзём і мы, але ёсць цяжкасці, якія патрабуюць абмеркавання. Вось я ў сваім дакладзе акцэнтаваў: структура айчыннай бібліятэчнай сеткі цяпер такая, што публічныя бібліятэкі — гэта толькі 37 % ад усёй колькасці. Больш за ўсё бібліятэк знаходзіцца ў сістэме адукацыі — 55 %. У нас не хапае работы па папулярызацыі чытання ў спецыяльных бібліятэках (у той час як у публічных гэта адзін з важных кірункаў). Зразумела, усе робяць выстаўкі, прэзентацыі і г. д., але сістэмнай метадычнай работы, на мой погляд, недастаткова. Таму патрэбна кансалідацыя на нацыянальным узроўні па прыкладзе іншых краін.

— Якім чынам?

— Спробы ёсць, у нашай краіне паспяхова дзейнічаюць розныя фарматы камунікацыі бібліятэкараў, але гэта не заўсёды выходзіць на ўзровень агульнанацыянальнага дыялогу. Важна прыцягнуць да размовы выдаўцоў, навукоўцаў, экспертаў, аўтараў, людзей, якія могуць фарміраваць грамадскае меркаванне.

— Значыць, за чытанне адказны не толькі бібліятэкар?

— У рэзалюцыі канферэнцыі пастанавілі, што трэба на афіцыйным узроўні рыхтаваць прапановы для краін СНД, каб работа па папулярызацыі чытання была мэтанакіраваная. Як дырэктар найбуйнейшай бібліятэкі ВНУ скажу: мы не адчуваем дэфіцыту чытачоў. У нашых чытальных залах, бывае, месцы ўсе заняты. Сёння часта гучыць, што разам са смерцю папяровай кнігі ламаецца традыцыйны ўклад, да якога прывыклі людзі старэйшага пакалення, сістэма адукацыі. Але мы не бачым праблемы ў чытанні з розных носьбітаў. Наша задача — даць магчымасць чытаць як у папяровым выглядзе, так і ў лічбавым, таму тое, што выдае БДУ, ёсць і ў электронным фармаце, і ў друкаваным. І наконт сыходу моладзі ў лічбу... Лічу, што гэтага няма. Наадварот, сёння ў нашай бібліятэцы мы назіраем пэўны рэнесанс папяровай кнігі — цікавасць маладых людзей узяць асобнік папяровы.

50-ыя гады.

50-ыя гады.

Адна з функцый бібліятэкі — захоўваць, але наш фонд дастаткова рухомы. Мы яго пастаянна абнаўляем. Тым больш ёсць рэкамендацыі міжнароднай бібліятэчнай арганізацыі ІФЛА: не менш чым 10 % абнаўлення фонду ў год. У нашых эканамічных умовах гэта нерэальна, але мы абнаўляем усё роўна, бо сёння пастаянна новыя веды, дысцыпліны. Праграмаванне, права, міжнародныя адносіны — усё гэта хутка мяняецца. Праз 10 гадоў кніга неактуальная. Яна застаецца як дакумент, які фіксуе пэўны момант развіцця навукі.

— Але да яе вернуцца, каб згадаць, ад чаго адштурхоўваліся...

— Вядома. Такім чынам, кніжніца захоўвае, але спецыфіка бібліятэкі ВНУ ў тым, што мы забяспечваем вучэбны працэс і купляем розную шматтыражную літаратуру: не 2–3 экзэмпляры, як публічныя бібліятэкі, а 50–70. Ва ўсім свеце бібліятэкі ВНУ запатрабаваны і іграюць вялікую грамадскую і культурную ролю. Думаю, да гэтага ідзём і мы. На жаль, апошнія гады адбывалася пэўнае скарачэнне колькасці публічных бібліятэк. Пры гэтым намаганні і поспехі некаторых сапраўды ўражваюць, напрыклад, абласныя бібліятэкі, Барысаўская, Салігорская раённыя бібліятэкі і многія іншыя, якія вядуць шмат сапраўды цікавых праектаў. Пры гэтым ёсць і менш актыўныя, якія адчуваюць дэфіцыт наведвальнікаў, і такую праблему не варта замоўчваць. Я на ўласныя вочы бачыў, калі ў бібліятэку сярэдняга па памерах еўрапейскага ўніверсітэта прыходзіла 16 тысяч фізічных карыстальнікаў у дзень. У іншых ВНУ людзі запісваюцца папярэдне, бо ўсе месцы занятыя. Таму з пераходам на індывідуальную траекторыю навучання, укараненнем дыстанцыйных і змешаных форм, развіццём новых форм навуковай камунікацыі роля ўніверсітэцкіх бібліятэк будзе толькі ўзрастаць.

1970 год.

1970 год.

У сваю чаргу, для падтрымкі публічных бібліятэк патрэбна распрацоўка і прыняцце на дзяржаўным узроўні праграмы іх мадэрнізацыі па прыкладзе праекта мадэльных бібліятэк, які рэалізуецца сёння ў Расіі.

— Вы не так даўно сталі старшынёй Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Якой бачыцца дзейнасць ББА?

— Трэба разумець, што ББА — гэта брэнд. Мерапрыемстваў у кніжніцах ладзіцца безліч: сотні выставак, прэзентацый, сустрэч... Але мы крыху распыляемся ў дробнатэм’і. Калі ж мерапрыемствы праходзяць пад адзіным дэвізам, пад брэндам ББА, гэта надае ім заўважнасці, якая не ў тым, што пра гэта напішуць газеты, а ў тым, што прыцягне людзей. Неабходна ствараць сеткавыя фарматы. Напрыклад, усе бібліятэкі робяць выстаўкі да Дня Перамогі. Але ў Расіі гэта падаецца як федэральны праект «Бібліятэка — месца памяці». Яны запускаюць яго па ўсіх кніжніцах Расіі. Гэта мае медыйны інфармацыйны выхлап, бо ў адзіным стылі, у адзін час, з адным дэвізам. І грамадства заўважае. Асобныя ж выстаўкі ў пэўных кніжніцах праходзяць часам малазаўважна. Іншая справа — калі гэта адбываецца на нацыянальным узроўні. Таму асноўная задача ББА — кансалідацыя і наданне высокага статусу па прынцыпе парасонавай структуры.

— А як наконт таго, што бібліятэкар — у ліку прафесій, якія аджываюць?

— У свеце бібліятэкар — супрацоўнік з сярэднім заробкам. У грамадстве сфарміравалася ўспрыманне, што гэта спецыяліст з невысокай заработнай платай. Але вырашальную ролю адыгрываюць унутраная схільнасць і адданасць. Сустракаеш часам людзей, якія зарабляюць мала, але рабоце адданы, у іх усё атрымліваецца. Ды прэстыж не толькі ў гэтым. Гучыць мала пазітыўных гісторый. Ведаю асоб, якія дасягнулі шмат і рэалізавалі сябе ў бібліятэчнай прафесіі. І, сапраўды, лічу, што можна сябе цалкам рэалізаваць, працуючы ў бібліятэцы. Прыклад — тыя, хто зрабілі цудоўныя праекты, што займелі высокі грамадскі рэзананс, як, напрыклад, «За чытанне», «Горад і кнігі» і многія іншыя.

— А можа, хутка гэта будзе рабіць штучны інтэлект, які ўваходзіць ва ўсе сферы?..

1980 год

1980 год

— Многія прафесіі, пачынаючы ад бухгалтара і заканчваючы нават праграмістам, могуць знікнуць. Напрыклад, папулярная сёння прафесія тэсціроўшчыка, па некаторых прагнозах, утрымаецца гадоў дзесяць, і праграмныя сродкі змогуць выконваць працэсы без удзелу чалавека. Ведаю, што ў развітых краінах ёсць такія бібліятэкі, дзе ступень аўтаматызацыі каласальная: у агромністым будынку працуе некалькі бібліятэкараў, а ўсе працэсы заказу і дастаўкі выконваюцца рабатызаванымі сістэмамі (ужо актыўна ўкараняюцца праграмныя сродкі з элементамі штучнага інтэлекту). Пры гэтым карыстальнікі стаяць у чарзе да жывога бібліятэкара! Чаму? Глядзіце: прыходзіць студэнт і гаворыць: «Я мінулы раз заказваў такую зялёную кнігу...» Што на гэта адкажа робат? А бібліятэкар ведае, якую зялёную кнігу ён мае на ўвазе. Робату ж, які будзе прымаць ваш заказ, патрэбны дакладныя даныя. Можа, калі-небудзь штучны інтэлект і навучаць варыятыўна падыходзіць да запытаў і апрацоўваць «мне тую зялёную кнігу», але, ведаеце, у бібліятэку прыходзяць і пагаварыць... Бо кніжніца — гэта ў першую чаргу супольнасць людзей. 

— І якое тады тут месца робатам?

— Яны могуць аблягчыць многія працэсы. У бібліятэкара дагэтуль вельмі шмат манатоннай, руціннай, аднастайнай работы, плюс яны ўсё яшчэ на сваіх плячах цягаюць фонд. Вось для чаго тэлеліфты або станцыі выдачы — вызваліць ад фізічнай нагрузкі. Ды ёсць іншы бок: можна скараціць колькасць бібліятэкараў, але, абрастаючы механізмамі і камп’ютарамі, прыйдзецца дабаўляць інжынерныя стаўкі і праграмістаў, у якіх зарплата ў разы большая. І, замяніўшы дзесяць бібліятэкараў трыма праграмістамі, ці выйграем?

1993 год.

1993 год.

Ёсць такая канцэпцыя развіцця інтэрнэту, як web 2.0, web 3.0, зараз абмяркоўваецца web 4.0. На аснове гэтага — library 1.0, 2.0, 3.0, 4.0 (усё пайшло ад Ціма Бёртана, які напісаў артыкул пра web 2.0). Бібліятэка 2.0 — мадэль развіцця інтэрнэту, калі карыстальнік актыўна ўключаны ў фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў. 3.0 — аснашчэнне інфармацыі вялікай колькасцю метаданых для таго, каб было перасячэнне элементаў: тэкст мае спасылкі на іншыя крыніцы, і так адбываецца ўзаемадзеянне інфармацыі. Мадэль 3.0 — той жа рэпазіторый з вялікай колькасцю метаданых. Апошняя, 4.0, — прымяненне штучнага інтэлекту. І, маючы бібліятэку 4.0, мы неабавязкова павінны адмовіцца ад 1.0. Гэтыя чатыры формы могуць паміж сабой узаемадзейнічаць. Таму, калі прыйдзе штучны інтэлект, ён можа зняць з нас абавязак, напрыклад, аналітычнага роспісу артыкулаў, альбо ліфт будзе падвозіць кніжку, гэта вызваліць ад ручной работы, ды саму сутнасць бібліятэкі не зменіць.

— Няўжо не адаб’ецца лічбавізацыя?

— Многія смела пачынаюць разважаць: алічбуем усё, і навошта тады бібліятэкі. Маўляў, у тэлефоне 30 000 кніг скачана і ёсць доступ да «ЛітРэс». Так сама мы можам разважаць пра смерць выдаўцоў, кінавытворцаў ці, напрыклад, універсітэтаў. Віртуальная адукацыя, прафесары на аснове штучнага інтэлекту — у футуралогіі гэта добра распісана, маўляў, класічны ўніверсітэт не патрэбны. Але каго мы выхаваем, калі чалавек будзе выключаны з жывых зносін з разумнымі людзьмі? Тое самае і бібліятэка. Хто вырасце, калі ён не мае зносін у пошуку інфармацыі і чалавечага ўзаемадзеяння? Адзіночкі, якія сядзяць за камп’ютарам і не ведаюць, як выглядае неба і сонца, дабро і зло? У чым адна з задач вышэйшай адукацыі? Як было запісана ў савецкі час, фарміраванне інтэлігента. Сёння слова «інтэлігент» не прымяняецца, і пра разумных людзей кажуць: інтэлектуал. Фарміруючы інтэлектуальную эліту, ці можам мы выхаваць высокамаральных людзей па-за кантэкстам чалавечых зносін?

2006 год.

2006 год.

Цікава пачытаць Умбэрта Эка, аднаго з моцных еўрапейскіх інтэлектуалаў, які, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцця. Разважаючы пра будучыню чытання і кнігі, ён прыводзіў аналогію з забойствамі: кіно павінна было забіць тэатр, потым тэлебачанне — кіно, а электронная кніга — традыцыйную. Але ён робіць выснову, што кніга застаецца асноўнай крыніцай ведаў і дадае: «Гэта я вам урачыста аб’яўляю». Зараз колькасць тэкстаў у свеце расце.

Калі раней часопісаў было сотні, то цяпер — сотні тысяч.

А агульная колькасць індэксаваных артыкулаў — мільёны.

У такой процьме інфармацыі нават навукоўцу патрэбны бібліятэкар, каб арыентавацца ў лічбавым свеце.

— Абстрагуючыся ад прафесіі, што любіце чытаць?

— Акрамя прафесійных выданняў, класічную літаратуру, і не заўсёды сур’ёзную (калі трэба адпачыць). Магу штосьці выцягнуць з дзяцінства, напрыклад, Жуля Верна, Аляксандра Дзюма. Сучасная ж літаратура часта эпатажная, да таго ж са спрошчанымі формамі — быццам чытаеш справаздачу пра чыёсьці жыццё. Я вырас як чалавек чытаючы. Мяне ў дзяцінстве не маглі ўкласці спаць, бо пад коўдрай я хаваў кніжку. Для мяне кожная кніга ўспрымаецца па-рознаму: як рака, дождж і нават лес. Кніга ўвогуле як прырода: зменлівая, непрадказальная. Менавіта такія люблю. Некаторыя перачытваў разоў па 10, у прыватнасці Германа Мэлвіла «Мобі Дзік, або Белы кіт».

Сёння ж замест чытання можна паглядзець фільм, тым больш дыяпазон у інтэрнэце бязмежны. Калі стаміўся і сілы хапае толькі націснуць на кнопку пульта, тады кіно. Але калі ёсць час, то з кніжкай больш прыемна: гэта працэс, дэталі, сюжэт, які разгортваецца павольна, драматургічныя абароты. А ў кіно гэта часта незаўважна...

2018 год.

2018 год.

Тое самае з відэа: з YouTube-роліка або з ТікТоку многа не возьмеш. На дадзены момант тэкст і работа з ім — асноўная форма перадачы ведаў. Вось чаму актуальная кніга. І яе пакуль не замянілі медыяфарматы, якія больш прызначаны для забаў.

— Але ўсё ж чытачоў у кніжніцах паменшала з-за лавіны забаў у медыя...

— Насамрэч навуковая бібліятэка можа існаваць без кніг і без чытача. Мы можам працаваць толькі анлайн, але для эфектыўнага ўзаемадзеяння матэрыялаў у сусветнай інфармацыйнай прасторы — бібліятэцы 3.0 — правільнымі метаданымі здольны забяспечыць толькі бібліятэкар. Штучны інтэлект пакуль гэтага не ўмее, дакладней, ён спрабуе, але робіць шмат памылак. Дзесьці няправільна коска счыталася ці праставілася, і ўжо збой.

Пакуль без акадэмічнай бібліятэкі ў сістэме навуковых камунікацый, ВНУ немагчыма, як і без кнігі ды чытання.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА.

Все интервью