Главная  – Репортаж  –   Инициативы

Упарадкавалі тэрыторыю святой крыніцы

07.10.2021
Упарадкавалі тэрыторыю святой крыніцы
На славу папрацавалі прафсаюзныя актывісты Бярэзіншчыны, члены БРСМ, прыхаджане на тэрыторыі святой крыніцы ў вёсцы Крупа падчас акцыі па навядзенні парадку. Было прыбрана смецце і апалае лісце, пачышчаны сцежкі.

Крыніца вядомая са старадаўніх часоў, калі тут, на мяжы раёнаў, размяшчаўся панскі маёнтак. Мясцовыя старажылы сведчылі, што вадою з крыніцы вылечваліся ад вочных, страўнікавых і дзіцячых хвароб. Не згубіла крыніца сваю гаючую моц і па сённяшні дзень.

Зафіксавана нямала выпадкаў збаўлення людзей ад алергіі, камянёў у нырках, прастудных і хранічных хвароб.

Таму амаль штодня сюды наведваюцца госці не толькі з усёй рэспублікі, але і з іншых краін. Падобная ўвага патрабуе асаблівага падыходу.

— Стала добрай традыцыяй па некалькі разоў на год збірацца ўсім неабыякавым людзям і наведвацца ў Крупу, каб прыбраць тэрыторыю крыніцы, — пракаментавала старшыня Бярэзінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан. — Чысціня і парадак патрабуюць рэальных дзеянняў. Падтрымліваць жа ў належным стане месца, якое яднае свецкае і духоўнае, асабліва актуальна ў год народнага адзінства.

Напрыканцы жадаючыя акунуліся ў купель і выказалі жаданне наведвацца сюды рэгулярна, каб наводзіць парадак.


Аляксандр БЫЧКОЎСКІ. Фота аўтара.

Смотреть все