Главная  – Репортаж  –   Инициативы

У Задуброўскім сельсавеце Віцебскага раёна праводзіцца работа па аднаўленню крыніц

21.11.2021
У Задуброўскім сельсавеце Віцебскага раёна праводзіцца работа па аднаўленню крыніц
На Беларусі культ шанавання крыніц мае глыбокія карані. Паднашэнні ім у выглядзе манет, кавалкаў тканіны, ільну, рэчаў рабілі яшчэ з язычніцкіх часоў.


Адгалосак гэтага застаўся ў нас ў звычаі кідаць манетку на “шчасце” ў возера, раку, мора каб яшчэ раз вярнуцца. З прыняццем хрысціянства шанаванне крыніц працягвалася, змянілася толькі яе форма. Каля іх сталі ўсталёўваць крыжы, іконы, рабіць да іх хросныя хады, праводзіць фэсты, святкаванні. Вера ў тое, што вада з крыніцы мае гаючыя якасці і можа вылечваць хваробы, вяртаць страчаны зрок працягвалася. Такія крыніцы пачалі называць святымі.

У наваколлях Віцебска шмат крыніц, але тых, што лічацца святымі не багата. Вельмі шануемымі лічыцца крыніцы на Гарадоччыне – Святы калодзеж каля в. Бычыха і Святая крыніца каля в. Жукава,

У нашым раёне было некалькі – у Курына, Судніках і каля в. Слабада Задуброўскага сельсавета. Яшчэ ў сярэднявеччы ў народзе пачало бытаваць паданне аб тым, што тут над калодзежам (абсталяванай крыніцай) з’явілася ікона вялікай пакутніцы Параскевы-Пятніцы. Здаўна тут была ўзведзена капліца. У 1865 г. каля крыніцы на каменным падмурку была пабудавана новая драўляная царква Параскевы-Пятніцы. Яна была прыпісной (не мела свайго святара) да мураванай царквы Казьмы і Дзям’яна, што знаходзілася ў в. Лемніца. У часы ваяўнічага атэізму капліцу знішчылі. Цяпер пра яе нагадваюць толькі цэглавы друз і парослыя мохам валуны ад падмуркаў.

Упачатку 2000-х гг. лясніцтва добраўпарадкавала тэрыторыю каля крыніцы. Зрабіла месца для адпачынку – навес з лаўкамі і сталом, невялічкі дах над крыніцай. Але з часам пабудовы абвятшалі, .

У 2021 г. сіламі Задуброўскага сельсавета (Макуха С.В.), пры дапамозе ААА “Ганна”, аграэкасядзібы «Звон Гара» (Мішурная А.У.) справа змянілася. Быў выкарчаваны кустарнік, праведзена нівеліроўка мясцовасці, крэнопаль (выйсце) крыніцы ўзята ў бетоннае кола з трубой. Побач, на вымашчанай тратуарнай пліткай пляцоўцы пастаўлена драўляная альтанка. Навокал высаджаны дэкаратыўныя кусты, кветкі, ўсталяваны інфармацыйны банэр. Такія ж мерапрыемствы зроблены з яшчэ адной шануемай у народзе крынічкай – “Каменкай”, што знаходзіцца каля дарогі з Задуброўя ў Янавічы.

Добрая справа зроблена намаганнямі добрых людзей. На чарзе – крыніца ў Лемніцы – вёсцы, якая была вельмі вялікай і важнай, нават адна з галоўных вуліц у Віцебску называлася Лемніцкай (цяпер вул. Леніна ў бок Смаленскага базара).


Мікалай Півавар.

Смотреть все