Сведка знамянальнай падзеі. 17 верасня ў жыццi М.А.Захарчук

15.09.2021
Сведка знамянальнай падзеі. 17 верасня ў жыццi М.А.Захарчук
Выдатнік народнай асветы М.А.Захарчук была дзіцём, калі прыйшло вызваленне з Усходу, але дзень 17 верасня 1939 года памятае да драбніц.

З ГІСТОРЫІ ЗМАГАННЯ ЗА ЎЗ’ЯДНАННЕ

Са школьных дзён ведаем, што землі Заходняй Беларусі, у тым ліку і Зэльвеншчыны, пасля падпісання 18 сакавіка 1921 года Рыжскага мірнага дагавору перайшлі да Польшчы. Мнагадзетныя сялянскія сем’і цярпелі ад малазямелля, гараджане – ад беспрацоўя. Жылося цяжка, і людзі стыхійна выступалі супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Барацьба стала больш арганізаванай пасля стварэння ў 1923 годзе Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі як часткі Кампартыі Польшчы. Яе ячэйкі ўзнікаюць і ў вёсках Зэльвеншчыны. У 1925 годзе ў вёсцы Вострава такую ячэйку арганізаваў П.С.Крынчык, будучы дэпутат Польскага сейма па спісе КПЗБ. У вёсцы Угрынь, роднай мясціне нашай гераіні, ячэйка ўзнікла ў 1926 г. Арганізатарам яе быў С.Л.Татарын, чалавек, які сыграў значную ролю ў змаганні землякоў за волю, а як настаўнік, аказаў уплыў на лёс Марыі Аляксандраўны Сончык-Захарчук.

Члены падпольных партыйных арганізацый агітавалі насельніцтва за навучанне на роднай мове, за аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. У дні рэвалюцыйных свят арганізоўвалі дэманстрацыі, распаўсюджвалі лістоўкі і газеты з Усходу, вывешвалі чырвоныя сцягі і г.д. Адна з самых актыўных ячэек дзейнічала ў Востраве.

Маладое пакаленне арганізоўвала камсамольскія ячэйкі. У 1926 годзе падпольная ячэйка камсамольцаў была створана і ў Востраве.

Дзейнічалі і легальныя гурткі: Беларуская сялянска-работніцкая Грамада (БСРГ), Таварыства беларускай школы (ТБШ), якія маглі адкрыта збіраць сваіх членаў на сходы і вырашаць на іх некаторыя важныя пытанні. Намаганні гуртка ТБШ у Востраве не прапалі дарэмна: з даволу ўлад у вёсцы была адкрыта беларуская школа. Пабудавалі гурткоўцы і Народны дом.

Пасля перамогі народных сіл на выбарах у сейм у сакавіку 1928 г. дэпутаты стварылі сялянска-рабочы пасольскі клуб “Змаганне”. Дэпутат П.С.Крынчык часта прыязджаў на радзіму, выступаў на мітынгах, збіраў звесткі аб патрэбах і пажаданнях сялян.

У Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці захоўваецца шэраг дакументаў, што сведчаць аб накале барацьбы працоўных Заходняй Беларусі. 28 ліпеня 1935 г. у Галынкаўскай гміне адбыліся антываенная дэманстрацыя і мітынг, 2 мая 1936 г. – першамайская дэманстрацыя ў Залацееве. Маладзёжная арганізацыя “Кола моладзі”, што працавала пад уплывам партыйнай і камсамольскай арганізацый, вяла асветніцкую работу. Востраўскі драмгурток і народны хор славіліся паказам спектакляў па п’есах Янкі Купалы “Паўлінка” і “Раскіданае гняздо”. Запатрабаванымі былі Вельмі зацікавіў радавод, які склала Марыя Аляксандраўна. кнігі Востраўскай бібліятэкі-чытальні.

У красавіку 1938 г. спыніла сваё існаванне КПЗБ, але яе былыя члены не спынілі барацьбу за лепшую долю працоўных, за ўз’яднанне з БССР. І калі Чырвоная Армія 17 верасня 1939 г. перайшла граніцу, радасць працоўных не мела межаў. Вось гэтыя праявы бязмежнай радасці і вялікіх спадзяванняў на лепшую долю, якія назірала маленькая Марыйка Сончык, і захавалі яе сэрца на ўсё жыццё.

НЕЗАБЫЎНЫ ДЗЕНЬ

Марыйка Сончык жыла з бацькамі і старэйшым братам у в.Угрынь. У дзень вызвалення натоўпы людзей з плакатамі і сцягамі, узбуджаных і вясёлых, рухаліся ў Дзярэчын на мітынг. Не сцярпеў і дзядуля Марыйкі, Міхаіл Андрэеевіч. Запрог каня, пасадзіў на воз нявестку з дзецьмі і рушыў у мястэчка.

Дзяўчо запомніла, як шмат было на дзярэчынскай плошчы мясцовага люду і чырвонаармейцаў. Было вельмі многа выступоўцаў, якіх дзяўчына, безумоўна, не ведала. Потым ужо ёй, падрослай, матуля з дзедам казалі, што выступалі і вядомыя па змаганню за ўз’яднанне дзвюх частак Беларусі людзі – ураджэнцы Вострава і недалёкіх ад яго Едначоў Серафім Татарын і Павел Крынчык. Серафіма Татарына на тым мітынгу абралі старшынёй Часовага валаснога сялянскага камітэта. (Так што свайго будучага паплечніка па настаўніцкай працы Марыйка Сончык убачыла задоўга да асабістага знаёмства).

Узбуджаны натоўп часта перапыняў выступоўцаў або, наадварот, вітаў іх воклічамі: “Ура, Саветы, Чырвоная Армія! Ура!” Дзяўчынцы так спадабаліся гэтыя нячутыя дагэтуль словы, так урэзаліся ў памяць, што яна паўтарала іх і ўсю дарогу з Дзярэчына дадому, і ў хаце, бегаючы з кутка ў куток. Бацькі нават перапалохаліся, ці ўсё добра з дзіцём, супакойвалі, як маглі. Ледзь “пераключылі” малечу на дзіцячыя забавы…

ТРАГЕДЫЯ СЯМ’І ЯК ЧАСТКА ЎСЕНАРОДНАЙ БЯДЫ

Не паспела дзяўчына падрасці, як пачалася вайна. Запомнілася, як па начах будзілі сям’ю то паліцаі, то партызаны. Аднойчы паліцаі ўсё дражнілі дзяўчынку, дапытваючыся, дзе яе бацька. Дадуць у рукі 2 яблыкі і чакаюць адказу.

“Ён у партызанах?” – Дзяўчына маўчыць або кажа, што не. Адбіраюць яблыкі і зноў паўтараюць здзекі. Як іх тады не расстралялі – не памятае. Напэўна, матуля нечым адкупілася.

Першыя вучні маладой настаўніцы. А бацька жыў між двух агнёў. Немцы і паліцаі лічылі яго сувязным партызанскага атрада, бо катэгарычна адмовіўся быць старастам вёскі, а партызаны, мясцовыя мужчыны, дакаралі за нейкія даваенныя правіны. Пайшоў працаваць на млын, змалоў зерне суседу без уліку – зноў паліцаі абвінавацілі ў дапамозе партызанам. А ў 1943-ым разам з некалькімі маладымі мужчынамі трапіў у спісы на адпраўку на прымусовую працу на карысць заваёўнікаў. Пакуль рыхтавалі дакументы, мужчын закрылі ў памяшканні плябаніі і ахоўвалі, каб не ўцяклі. У дзень адпраўкі матулі Марыйкі нехта паведаміў аб бядзе, і яна з дзецьмі паспяшыла ў Дзярэчын. Дзяўчынка запомніла момант развітання таксама на ўсё жыццё. Бацька ўзяў яе на рукі, абняў жонку і сына і ўжо з машыны крыкнуў: ”Насця, беражы дзяцей!..” Так Анастасія Ерамееўна назаўсёды разлучылася з мужам, а сын і дачка – з бацькам. Пра лёс Аляксандра Міхайлавіча даведалася праз шмат гадоў, калі ён, баючыся за родных, прыслаў ліст да аднаго з родзічаў з далёкай пасляваеннай Амерыкі. Але гэта гісторыя не яго дачкі, а яго самога…

ПАСЛЯВАЕННАЕ ЖЫЦЦЁ

Памятны Марыйцы і дзень вызвалення ад фашыстаў. Бежанка з Віцебскай вобласці, якая жыла ва Угрыні, узяла дзяўчынку за руку і павяла на сустрэчу з байцамі Чырвонай Арміі. Відаць, моцна спадзявалася пабачыць свайго бацьку, які пайшоў на фронт у пачатку вайны і пра якога яна нічога не ведала…

Лета прабегла хутка, і восенню Марыйка пайшла ў школу. Здзейснілася мара беларусаў: навучанне вялося на роднай мове. Пачатковыя школы адчыняліся амаль у кожнай вёсцы. Ва Угрыні ў 1944 г. будынка школы яшчэ не было, вучыліся ў найпрасторнейшых хатах вяскоўцаў па чарзе. Дзеці Аляксандра Міхайлавіча і Анастасіі Ерамееўны Сончык вучыліся з ахвотай і вельмі добра. Шура ўжо вучыўся ў Дзярэчынскай сярэдняй, калі туды прыйшла ў 5 клас сястра (Угрыньская пачатковая стала сямігодкай праз год пасля гэтага). У 1951 годзе Шура закончыў

10 класаў, Марыя – 7. Вучыцца далей хацелі абое, але “выцягнуць” двух студэнтаў маме было не пад сілу. На сямейнай радзе (з дзядулем і бабуляй, вядома) вырашылі: Марыя будзе вучыцца завочна, а Аляксандр – на стацыянары. Так вось і сталі студэнтамі: яна – Гродзенскага педвучылішча, брат – Гродзенскага педінстытута. Пасля таго, як Марыя закончыла два курсы педвучылішча, (а яго з Гродна перавялі ў Навагрудак і дабірацца туды стала складаней), дзед вырашыў: трэба ўладкоўваць унучку на педагагічную працу.

Пайшоў у РК ЛКСМБ (Марыя была ўжо камсамолкай) і дабіўся месца старшай піянерважатай у Казловіцкай школе. 17-гадовая Марыя пачала адлік працы ў педагогіцы. Было нялёгка: нямала вучняў было старэйшымі за важатую, але кантакт паціху наладжваўся. Марыя ўмела шмат з таго, што цікавіла хлопчыкаў і дзяўчынак: танцавала, спявала, дэкламавала, вышывала, шыла, вязала.

Кожную суботу вечарам дзяўчына пераадольвала няблізкую дарогу ад Казловіч да Угрыні, а ў нядзелю – зваротную. Матуля давала з сабой прадуктаў на тыдзень і нейкую частку шляху дапамагала дачцы іх несці. Няпроста ўсё гэта было для сям’і, і дзед зноў вырашыў дапамагчы ўнучцы. Пайшоў у Зэльву, дабіўся ў РАНА пераводу Марыі ў бліжэйшае да дому Вострава.

РАДЗІМА МУЖА – АЧАГ ДЛЯ СЯМ’І

У Востраўскай сямігодцы Марыі Аляксандраўне даверылі два класы – другі і трэці. Дзетак было нямала – 34, але яны так палюбілі маладую настаўніцу, а яна іх, што асаблівых цяжкасцяў ні ў навучанні, ні ў выхаванні не ўзнікала. І ў зносінах з сям’ёй – таксама, бо на заробленыя грошы Марыя Аляксандраўна купіла веласіпед і ў добрае надвор’е без праблем дабіралася да Угрыні.

У Востраве і суджанага сустрэла – Барыса Захарчука. У 1956 годзе пажаніліся і праз некалькі гадоў увайшлі ў свой дом. Ужо з дачкой і сынам. У гэты час вырашыла Марыя Аляксандраўна працягваць вучобу ў ВНУ. Муж не пярэчыў, і неўзабаве яна ўжо ездзіла на сесіі ў Гродзенскі педінстытут, а дома пасля напружанай працы ў школе рыхтавала кантрольныя работы, чытала, канспектавала безліч неабходнай літаратуры. Хоць і цяжка было, але і вельмі цікава: столькі выдатных настаўнікаў чыталі лекцыі, столькі калег па працы дзяліліся вопытам!

І ў Востраўскай школе было шмат таленавітых настаўнікаў, сапраўдных асобаў! Узяць таго ж Серафіма Лук’янавіча Татарына: арганізатар камуністычных ячэек, гурткоў Беларускай сялянска-работніцай грамады, рэдактар газеты “Наша праўда”, член сакратарыята клуба “Змаганне”, вязень шматлікіх турмаў… Ен працаваў гісторыкам і менавіта Марыю Аляксандраўну рэкамендаваў на сваё месца, калі выходзіў на пенсію. Кіраўнікі РАНА былі згодны з Татарыным, і Захарчук да канца працоўных год годна спраўлялася і з выкладчыцкай работай, і з кіраўніцтвам школьным музеем. Шмат яе экспанатаў былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы раённай энцыклапедыі “Памяць”.

За добрасумленную працу Марыя Аляксандраўна атрымлівала падзякі і ўзнагароды. У 1988 годзе Міністэрства асветы БССР надало ёй ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы”.

Шчаслівая Марыя Аляксандраўна ў дзецях ды ўнуках. “Ніколі не было мне сорамна за дачку Лілію і сына Сашу, – кажа жанчына. – Яны і ў школе былі прыкладам ва ўсім, і ў інстытутах, і на працы. Дачка, як і я, гісторык, сын – архітэктар. Пра іх і “Праца” пісала. А ўнукаў у мяне трое, і ўжо дзве праўнучкі. Вельмі люблю іх усіх. Няхай ніколі не зведаюць яны тых бедаў, што выпалі на долю майго пакалення і пакалення маіх незабыўных бацькоў, дзядуляў і бабуляў”.


Яніна ШМАТКО.

Смотреть все