Пра мястэчка Трабы, ляснога майстра Віктара і Жамыслаўль

30.12.2021
Пра мястэчка Трабы, ляснога майстра Віктара і Жамыслаўль
Калі глянуць на карту Беларусі, Гродзеншчыны, то адразу бачна: мястэчка Трабы ўтульна размясціліся на лясістых абшарах, непадалёк ад шляху з Мінска праз Ракаў, Ашмяны — на Вільнюс. І знакамітыя Гальшаны там побач, і Жамыслаўль, і старажытнае Крэва: з руінамі мураванага замка XІV стагоддзя…

Трабы ў 1915-м годзе

Трабы ў 1915-м годзе

Даследчыкі даўніны, дарэчы, сцвярджаюць: з Крэўскага замка і распачыналася традыцыя мураванага абарончага дойлідства ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пры тым Крэва было адным з палітычных асяродкаў даўняй Літвы, адным з цэнтраў этнічных і палітычных працэсаў напярэдадні ўзнікнення ВКЛ. І самі Трабы ў тых гістарычна важных працэсах спатрэбіліся: як сведчаць дакументы, належалі яны ў тую пару князю Трабусу. Там нават быў ягоны замак! Пра тое ў адной з крыніц чытаем: “На высокім пагорку (цяпер ён мае назву Замкавая гара) збудаваны быў драўляны замак, рэзідэнцыя вялікага князя Трабуса. Пра князя таго цяпер мала хто згадвае, аднак ён якраз і ёсць прародзіч многіх каралеўскіх асоб Еўропы. Ад таго князя, сцвярджалі аўтары кнігі “Живописная Россия” (1882), пайшлі князі-нашчадкі Гальшанскія, з роду якіх — і Соф’я Гальшанская, трэцяя жонка караля Ягайлы. А з іх шлюбных дзяцей падоўжылася, разраслася каралеўская дынастыя Ягелонаў.

Але тады, у 1996-м, у час нашага “Хаджэння ў трыдзясятае царства” (гл.: №2, 3, 4, 6, 7, 8, 9) гэтыя падрабязнасці былі па-за межамі нашага сціплага ведання пра мясціны Гродзеншчыны, праз якія мы ішлі. Цяпер варта націснуть кнопку, і выдасць інтэрнэт інфармацыі больш чым трэба — толькі выбірай. У той жа час мы з вялікай цікавасцю ўпітвалі ўсё, што чулі ад людзей пра гісторыю краю, дзе яны жылі-працавалі.

Пасля Гальшан прыйшлі мы ў Трабы познім вечарам, і моцна ўжо сцямнела. Таму, натуральна, нічога там адразу не пабачылі. На вуліцах ціха... Стаялі ў разгубленасці, яшчэ не ведаючы, што чакае наперадзе. Трэба б недзе пашукаць начлег. І вось у поле нашае ўвагі трапіў малады мясцовы хлопец. Так і пазнаёміліся з Віктарам Завадскім, якога між сабой называем: лясных спраў майстар. Ён ішоў па вуліцы, спяшаючыся. І не адразу пачуў, як мы яго паклікалі. Урэшце падышоў да нас. Першае, што запомнілася — усмешка маладога чалавека. Яна была настолькі светлай і добразычлівай, нібыта мы даўно ўжо знаёмыя. І трымаўся хлопец з нейкай прыемнай годнасцю. Мы сказалі, хто такія, адкуль і куды рухаемся. Запыталі: дзе тут школа, ці можам там пераначаваць? Віктар зразумеў адразу, што вандроўнікам патрэбен прытулак, праявіў ініцыятыву: “Дык навошта вам школа, пойдзем да мяне”. У ягонай хаце мы бліжэй разгледзелі адзін аднаго, папілі смачнай гарбаты і паклаліся спаць: бо стома валіла з ног.

На той час Віктару было 22 гады. Ён ужо закончыў лясны тэхнікум, адслужыў у арміі, працаваў у мясцовым лясніцтве. Па тым, як спрытна падцягваўся на бэльцы пад столлю ў хаце, было відаць: хлопец добра трэніраваны і форму трымае. А калі снедалі з гарачымі блінамі, то разгаварыліся. Дарэчы, пякла іх Віктарава бабуля — Станіслава Сямёнаўна Дабраловіч. Яе ўранні ўнук паклікаў пагаспадарыць — відаць, жыла па суседстве ў іншай хаце. Бабулю ў мястэчку звалі: Каваліха. Па іх зносінах было бачна: Віктар і бабуля — добрыя сябры.

У тыя гады мы няшмат ведалі пра Трабы, і таму з цікавасцю слухалі новага знаёмага. Ён расказаў, што тут спрадвеку жылі князі Трабусы. Дык можа і ты іх нашчадак, спыталі. Можа і так, засмяяўся Віктар. У ягоных манерах была мяккая годнасць: прыродная, натуральная. І добрае пачуццё гумару адразу заўважылі. Пра тое і сказалі. То ён распавёў такі выпадак. Неяк да хлопца, з якім служыў, прыехала маці. Гаварылі з ёй пра рознае, у тым ліку і пра Бога. І яна Віктару вазьмі ды скажы: Бог хоча, каб ты смяяўся. І Віктар у той жа момант пачаў смяяцца! Тады ж і адчуў, як цела ўсё нешта нібы працяло. Містыка! Але факт. З тае пары, прызнаўся, любы добры жарт выклікае ў ім смех. І дадаў: у нас у сям’і гумар і радасць заўсёды ў пашане.

“Людзям — душа, Жыццё — свайму дому. Сэрца — жанчыне, Гонар — нікому. З У. Караткевіча” — такія словы на развітанне напісаў нам Віктар Завадскі ў падарожным дзённіку і пакінуў свой аўтограф.

Пішучы гэтыя нататкі, мы ўдакладнілі: такія радкі даследчыкі творчасці пісьменніка ўпершыню выявілі ў прадмове Уладзіміра Караткевіча да кнігі “Памяць зямлі беларускай”(Мінск, 1979). І падводка да іх ёсць такая: “Старадаўні прынцып, які прыйшоў аднекуль, але перафразаваны, навекі стаў нашым”. Мяркуем, якраз сам Караткевіч яго сфармуляваў, зарыфмаваў. І ёсць яшчэ там пасля страфы такая фраза: “Пранікніцеся любоўю да маёй роднай Беларусі, людзі! Велічная і гордая, таго яна вартая!” Вось у якім высокім, узнёсла-патрыятычным сілавым полі мы аказаліся ўранні 29 красавіка 1996 года ў былых уладаннях Вялікага Князя Літоўскага Трабуса, разам з маладым лясным тэхнікам, сынам вясковай настаўніцы беларускай мовы Валянціны Завадскай. Разам з гасціннай, уважлівай, вострай на язык спадарыняй Каваліхай ды яе смачнымі блінамі.

Віктар Завадскі: «Я яшчэ малады душой! У жыцці шмат цікавых гісторый, сумаваць не даводзіцца, хоць мы і жывем у глыбінцы. А лес – гэта маё жыццё».

Віктар Завадскі: «Я яшчэ малады душой! У жыцці шмат цікавых гісторый, сумаваць не даводзіцца, хоць мы і жывем у глыбінцы. А лес – гэта маё жыццё».

З хаты Віктара пасля сняданку выйшлі мы ў 8.35 раніцы. І як толькі пакінулі Трабы, адразу спыніліся. Як тое бывае, хацелася пагаварыць пра людзей, якія так цёпла нас прымалі. Надвор’е было мяккім, паветра — трохі вільготным. Ноччу прайшоў дождж. Пачулі першую зязюлю. Пасмяяліся, прыгадваючы бабулю Віктара, яе выказванні пра каханне. Мы запыталі ў яе: ці ёсць яно? “А як жа! Вядома ж, ёсць, — адказала, звяртаючыся да Івана. — Ты ж вось, пэўна, і возіш таму за сабою”. Пэўна, падумала, што ён возіць на калясцы Валянціну… І яшчэ ўразілі нас яе словы: з вязэння выйдзеш, а з кахання — ніколі. Відаць, так гучыць беларускае слова вязенне, шанцаванне ў мясцовым варыянце: вязэнне.

Настрой быў добрым, прыўзнятым на працягу ўсяго дня, як тое і здараецца пасля сустрэч з добрымі людзьмі. Таму ў Івана і вершы лёгка пісаліся. Пра буслоў. Што называецца: прыйшло натхненне. На прывале ўжо ў Жамыслаўлі мы любаваліся вясновымі гульнямі буслінай пары. Буслы там былі адметныя — бо, відаць, гаварылі мы, узгадаваныя паблізу незвычайнага, проста каралеўскага мясцовага палаца: ён называецца палац Умястоўскіх. Да такой высновы мы прыйшлі, гледзячы на закітнуты палац. А буслы, іх было можа 20, высока ў небе рабілі вялікія кругі над намі.

І цяпер вось, калі пішам нататкі, прыходзіць азарэнне! Якія ж велізарныя там, дзе Гальшаны, Трабы, Жамыслаўе… напластаванні гісторыі. Князі, каралі… Прычым самага высокага ўзроўню. Вядомыя асобы. Валадары. Нешта ж вабіла іх у тыя прыгожыя мясціны — жыць там, мець родавыя замкі, палацы… І таму мы трошкі паглыбіліся, ужо з часу нашага, у гісторыю князя Трабуса і ягоных нашчадкаў. У прыватнасці, нам Віктар Завадскі па тэлефоне 8 верасня 2021 года сказаў: “Гравюра замка князя Трабуса нібыта недзе збераглася. Прамавугольнай формы. Парэшткаў замка няма ні следу. Замкавая гара ёсць, можна сказаць, у саміх Трабах: з Іўя калі едзеш, то позіркам у яе ўпіраешся. Гэткае ўзвышша справа ад дарогі, з некаторых участкаў відаць і прама. Ніхто тут гарадзішча пакуль не раскопваў. Прынамсі, афіцыйна. Я ведаю, што князь Трабус быў адным з продкаў князёў Гальшанскіх”.

Многiя вучоныя перакананыя, што некалi ў Трабах сапраўды стаяў замак. А які ён быў — можна толькi здагадвацца. На карце ВКЛ, выдадзенай М.-К. Радзівілам (2-е выданне, 1613 г.), пазначаныя замкі таго часу. Сёння ні ў адным з тых населеных пунктаў рэшткаў былых замкавых забудоў не захавалася. Замак у Трабах нагадвае чатырохкутнае ўмацаванне са сцен і вуглавых вежаў. Мяркуючы па мініяцюры, цэнтральная вежа са стромкім завяршэннем — галоўная ў тым комплексе. Хутчэй за ўсё, гэта брамная вежа, бо размешчана перад сілуэтам сцен. На месцы тым захавалася замкавае ўзвышша (Замкавая гара), невялiкi роў, там нярэдка знаходзяць манеты i абчасаныя камянi. Аднак да археалагiчных раскопак па сутнасцi не даходзiла нiколi. Іх у межах Трабаў не было, ды іншыя крыніцы даюць падставы меркаваць, што старажытныя паселішчы былі ў Трабах і ваколіцах значна ранней за ХІІІ стагоддзе. Пра гісторыю тых зямель існуе шмат легендаў і паданняў. З імі, каму цікава, можна пазнаёміцца на сайце Гістарычна-краязнаўчага музея Трабскай школы.

Трабскае лясніцтва

Трабскае лясніцтва

На добры толк, то ў аграгарадку Трабы варта было б паставіць хоць памятны знак-валун: як згадку пра малую прарадзіму многіх каралеўскіх асоб Еўропы. І хоць веліч Трабаў засталася ў мінулым, аднак гэта — важная частка гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Прычым, як спяваецца ў вядомай песні, “ничто на земле не проходит бесследно”. З даўніх часоў, мусіць, ёсць у мясцовым людзе пэўнай якасці культурная закваска. Ёсць высокая побытавая культура, працавітасць, схільнасць да парадку. І лясной гаспадаркай займаюцца там спрадвеку. Віктар Завадскі — таму прыкладам. Сам ён па гэты час працуе памочнікам ляснічага ў Трабскім лясніцтве. Мае вялікі прафесійны досвед. У 2001-м паведаміў нам, што ажаніўся, мае чатырохгадовага сына Антона. “Я працую памочнікам ляснічага ў тым жа Трабскім лясніцтве, працай сваёй задаволены. Іду ў лясніцтва заўжды з лёгкім сэрцам і вяртаюся дамоў са спакойнай душой”, — гэта радкі з ліста Віктара, якія зберагаюцца ў нашым сямейным архіве.

Лясная тэма для Беларусі заўжды актуальная, бо лясы ў краіне — адзін з асноўных аднаўляльных прыродных рэсурсаў. Да таго ж важнейшае нацыянальнае багацце. Каб разумна ім распараджацца, належным чынам весці лясную гаспадарку, ёсць у краіне Міністэрства лясной гаспадаркі, створана па Беларусі амаль сто лясгасаў. І размова з Віктарам Завадскім у нашым часе атрымалася змястоўная. З цікавасцю даведаліся, што сярод іншых клопатаў у лясніцтве (лесанарыхтоўкі, лесааднаўленне, кантроль за здароўем дрэў…) ёсць і маніторынг мясцовасці: ці не з’явіліся ў прымежнай да Літвы зоне чужыя людзі, незнаёмцы? У працаўнікоў лесу адладжана цеснае ўзаемадзеянне з Сурвілішскім пагранпастом Лідскага пагранатрада. Яшчэ ў абавязках леснікоў — збор яловых і сасновых шышак. Іх потым вязуць на лесанасенную станцыю, перапрацоўваюць — і лясніцтва забірае насенне. У лясгасаўскім гадавальніку вырошчваюць саджанцы. Віктар казаў нам, што ў асноўным яны садзяць сасну, елку, а ў крайнім выпадку бярозу: калі бачаць, што на неўрадлівай зямлі анічога з хвойных не вырасце, бо бяроза — дрэва непераборлівае, усюды ёй добра. І драўніна бярозы — прамысловая, патрэбная. Сёння ў падпарадкаванні Іўеўскага лясгаса знаходзіцца тысячы гектараў зямель. У яго складзе дзевяць лясніцтваў, базісны лясны гадавальнік, дрэваапрацоўчы цэх, паляўнічы комплекс, паляўнічы вальер. Але галоўнае багацце — людзі, якія аддалі шмат сіл, старанняў і ўменняў на карысць развіцця прадпрыемства. Гэта і ветэраны, і вопытныя супрацоўнікі, і моладзь. Усе тыя, хто сёння сваёй упартай працай, сучасным падыходам да справы ўдасканальвае працу лясгаса, знаходзіць новыя шляхі і падыходы ў галоўнай справе свайго жыцця.

Калі мы нядаўна запыталі ў Віктара, што б наогул ён сказаў пра лес з вышыні пасады сучаснага майстра лесу, то пачулі ад яго:

— Пра лес можна доўга філасофстваваць. Але я не паэт. І гляджу ўжо на лес з такога кшталту: як бы гэта нам разам з ім зарабіць грошай. Каб нешта здабыць там, а потым выгадней прадаць. Атрымліваецца, што лес для мяне — гэта найперш надзейны бізнес-партнёр, але з няпростым характарам, які трэба ўвесь час улічваць. Помніцца, калі пайшоў я вучыцца ў Полацкі лесатэхнікум, то думаў: мы, леснікі, будзем аберагаць прыроду. Такая “псіхалагічная ўстаноўка” была ў мяне са школы. Калі па шчырасці, то лес жа без нас, без людзей — пражыве, як жыў тысячагоддзі да нас. І аберагаем мы яго найперш ад сябе саміх, як гэта ні парадаксальна… Ад тых, хто, бываючы ў лесе, можа па неасцярожнасці альбо наўмысна шкоду прычыніць яму, напрыклад, агнём. А лішняга ў лесе мы не высякаем, пастаянна лясныя масівы аднаўляем. Дарэчы, я часам прыводжу скептыкам такую арыфметыку ў адказ на папрок: вы, маўляў, хутка ўсё выражаце… У нашым лясніцтве 8000 гектараў лесу. Сярэдні прырост з гектара — 4 кубаметры драўніны штогод. Значыць, больш за 30 000 кубоў прырастае штогод у нас. А мы выразаем каля 15 000. Плюс высаджваем новыя ўчасткі. З такімі тэмпамі аніколі мы яго не выражам: у прыроды вялікі запас трываласці, калі ў лесе гаспадарыць з розумам.

Віктар ужо не раз клікаў нас прыехаць у Трабы (ад Мінска 125 км), паглядзець, якім прыгожым стала мястэчка. І ў лес абяцае звазіць, паказаць свае ўладанні, з сям’ёй пазнаёміць. Ён не забыў: калі мы пакідалі Трабы ў 1996-м, то Валянціна быццам дабраславіла хлопца. Сказала: цудоўную дзяўчыну сустрэнеш, якая будзе табе добрай жонкай. Так і здарылася. У Віктара і Вольгі (яна галоўны заатэхнік у мясцовым сельгаспрадпрыемстве “Трабы”) трое дзяцей. Ужо выраслі. Антон закончыў Беларускі дзяржуніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, атрымаў спецыяльнасць інжынера радыёэлектронных сістэм. Працуе. А дачка сярэдняя, Аляксандра, там жа вучыцца на 3 курсе. Малодшы Аляксей — вучань 6 класа. Запрашэнні Віктара заўсёды шчырыя. Ды ўсё ніяк не выберамся. Грыбоў, казаў, назбіраеце. З лесу іх, бываюць гады, хоць мотаблокам вазі. Сам Віктар не грыбнік, ён паляўнічы, сабак — рускіх гончых — трымае. Любіць гон, бачыць у ім асаблівую прыгажосць, атрымлівае ад гукаў яго і шумоў вялікае задавальненне. А звяроў шкадуе. Нават ваўкоў.

А ў Жамыслаўлі мы затрымаліся каля прыгожага палаца — таксама дзякуючы парадзе Віктара: нам ён параіў звярнуць увагу на мясцовую славутасць. Што мы і зрабілі. Толькі з цягам часу даведаліся пра паходжанне палаца, так званай сядзібы Умястоўскіх. Пра тое ёсць шмат цікавай інфармацыі ў інтэрнэце. Многія, хто бываў у Варшаве, параўноўваюць сядзібу з каралеўскай рэзідэнцыяй “Лазенкі” Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай. Кажуць нават: то быў ягоны галоўны праект. З гісторыі ж “копіі” вядома: у 1805-м Жамыслаўль стаў уласнасцю Умястоўскіх, прадстаўнікоў графскага роду. Гэты старажытны беларускі шляхецкі род не быў багатым, але карыстаўся павагай. Першым уладальнікам маёнтка стаў граф Якуб. Тром наступным пакаленням роду асноўны даход прыносіў прысядзібны невялікі спіртзавод, які працуе па сённяшні дзень. Пасля смерці апошняга графа Уладзіслава ягоная жонка Яніна падарыла маёнтак Віленскаму ўніверсітэту. Гэта была, мусіць, апошняя надзея зберагчы для нашчадкаў жамыслаўскія «Лазенкі».

Мясціны ў Жамыслаўлі дзівосныя

Мясціны ў Жамыслаўлі дзівосныя

Палац Умястоўскіх стаіць у аддаленні ад хатаў-дамоў местачкоўцаў на беразе маляўнічага возера. Мы адпачывалі там непадалёк, заглянуўшы ў палац, які прыходзіў у запусценне. У 2013-м у ім здарыўся пажар — сядзіба моцна пацярпела. Помнік палацава-паркавай архітэктуры XVIII–XIX стагоддзяў, або палац, як называюць яго мясцовыя жыхары, разбураўся, і гаспадары яго змяньваліся. І вось пазалетась, чыталі мы, комплекс будынкаў зноў выставілі на аўкцыён. Гэтым разам уладальнікам стала мінская фірма «Градитель», якую ўзначальвае Міхаіл Глінскі. Якія планы ён мае па адраджэнні аб’екта, калі чакаць змен, і на каго разлічаны канчатковы вынік? На гэтыя пытанні ён адказаў калегам з газеты “СБ. Беларусь сегодня”(kondratsieva@sb.by): “Вунь тыя руіны (паказаў), дзе калісьці была стайня, не нашыя. Парк пакуль таксама не наш. Будзем рыхтаваць дакументы для іх адводу, каб стварыць адзіны ансамбль і прыцягваць турыстаў, прапаноўваць ім конныя прагулкі па алеях. У былым свірне плануем зрабіць невялікае кафэ, у дзвюх афіцынах, справа і злева ад палаца, абсталюем гатэлі. У галоўным будынку абавязкова будуць музей, зала для ўрачыстасцяў і афіцыйных прыёмаў і некалькі VIP-нумароў. На гэты час праведзены перадпраектныя работы. І ёсць агульнае разуменне таго, дзе і што будзе размяшчацца. Першае, што мы пачалі рабіць тут — забяспечылі кругласутачную ахову парку. Па-другое, выкасілі, вычысцілі, зрабілі падыходы да возера. Вядома, раз мы просім сабе парк, у нас ёсць планы па яго выкарыстанні. Мясцовыя распавядалі, што калісьці тут праходзілі папулярныя дыскатэкі. Хочам зрабіць танцпляцоўку. Будзем усяляк спрабаваць прыцягнуць сюды людзей. Вельмі хацелася б, каб у аграгарадку захавалі школу. Дзяцей няшмат, але мы зацікаўленыя, каб тут хтосьці жыў. Будуць прыязджаць турысты, у тым ліку з-за мяжы. Хтосьці ж павінен іх сустракаць. Гэтае пытанне вельмі нас хвалюе”.

Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі ў Трабах

Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі ў Трабах

Вядома, у хуткім часе аднавіць палац Умястоўскіх не атрымаецца. Але тое, што справа рухаецца, нас абнадзейвае. Урэшце, мы ж бачым, як шмат робіцца па ўсёй Беларусі ў гэтым кірунку. Ёсць такія вядомыя, раскручаныя “праекты”, як Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Мірскі замак, Лідскі замак. І ўжо хутка, сочым за навінамі, пойдуць турысты ў шэсць залаў, размешчаных у першай чарзе Старога замка ў Гродне. І ўжо набірае моц інфраструктура з Гальшанскім палацам у цэнтры (мы пра тое пісалі), вядуцца работы ў Крэўскім замку: сёлета, у 2021-м, аднавілі там нарэшце паўночна-заходнюю сцяну… Многія збудаванні, якія дзесяцігоддзямі разбураліся, нарэшце, адноўлены ці вядзецца распрацоўка праектаў іх кансервацыі, рэстаўрацыі. Магчыма, і ў Трабах з часам узвядуць-адновяць драўляны палац — у гонар памяці вялікага князя ВКЛ Трабуса, родзіча многіх каралеўскіх асоб Еўропы. Хай сабе гэта і будзе ўвасабленне фантазіі сучаснага архітэктара, ды пад ёй жа ўсё роўна знойдзецца моцны гістарычны падмурак. Зрэшты, так і наша Беларусь толькі на першы погляд можа падацца маладой дзяржавай — а на самой жа справе ў яе моцныя, магутныя карані ў глыбінях стагоддзяў. Мы тым можам ганарыцца, выбудоўваючы сваю і нашай краіны будучыню.


Іван і Валянціна Ждановічы.

Смотреть все