Главная  – События

Музей маладзёжнага руху адкрыўся ў Лагойску

23.09.2021
Музей маладзёжнага руху адкрыўся ў Лагойску

У сераду, 22 верасня, у СШ № 1 г. Лагойска ўрачыста адкрыўся раённы музей маладзёжнага руху. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел старшакласнікі райцэнтра, адміністрацыя першай школы, а таксама намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Анжэла Раемская і намеснік начальніка упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Гаруновіч.

Ідэю стварэння музея яшчэ ў красавіку гэтага года выказаў першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Аджар Чэвік падчас дыялогавай пляцоўкі. Яго падтрымалі на ўсіх узроўнях, і пачаўся працэс распрацоўкі канцэпцыі музея, збору экспанатаў. На працягу 5-ці месяцаў ішла карпатлівая праца, у якой прымалі ўдзел актывісты маладзёжнай арганізацыі.

Таму і права выканаць традыцыйны рытуал пры адкрыцці – перарэзаць чырвоную стужку – было прадастаўлена разам з Аджарам Чэвікам адзінаццацікласніку СШ № 3 г. Лагойска Яўгену Падбярозку. Малады чалавек узначальвае пярвічную арганізацыю БРСМ у сваёй школе і актыўна збіраў матэрыялы для музея. Так, напрыклад, было знойдзена шмат фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць дзейнасць арганізацыі ў розныя гады. Іх, дарэчы, можна знайсці на сайце і ў сацыяльных сетках БРСМ. Цэнтральны камітэт дапамог з калекцыяй значкоў і нашывак, якія выкарыстоўвалі ўдзельнікі студэнцкіх будатрадаў розных часоў. 

Дапамагаў у пошуку неабходных прадметаў гімназіст Уладзімір Ляшчынскі і выпускніца гімназіі, навучэнка фінансава-эканамічнага каледжа Кацярына Арлоўская.

– Дзякуючы музеям мы знаёмімся з гісторыяй нашай краіны, захоўваем памяць пра самыя важныя, знакавыя падзеі, – адзначыла Кацярына. – Дадзены музей таксама павінен дапамагчы сучаснікам пазнаёміцца з гісторыяй маладзёжнага руху ў нашай краіне. Магчыма, менавіта тут у маладых людзей народзяцца новыя ідэі, якія паспрыяюць яго папулярызацыі і развіццю.

Музей прадстаўлены тэматычнымі стэндамі «Наш спорт», «Валанцёрская дзейнасць», «Грамадскае жыццё», «Камсамол», «Па слядах прэсы», «Студатарадаўскі рух», пры дапамозе якіх можна прасачыць гісторыю руху, пазнаёміцца з кірункамі дзейнасці ў ім моладзі. Тут таксама змешчаны ўстаўныя дакументы арганізацыі, сярод якіх, напрыклад, ёсць Устаў будаўнічых атрадаў 1977 года. На драўляных мальбертах выстаўлены фотаздымкі, якія папулярызуюць дзяржаўныя сімвалы нашай рэспублікі.

– Я скончыў гэту школу ў 2018 годзе, – адзначыў Аджар Чэвік, правёўшы экскурсію па экспазіцыі, – і лічу яе найлепшым месцам для размяшчэння падобнага музея. Спадзяюся, ён стане пляцоўкай правядзення цікавых мерапрыемстваў для членаў нашай маладзёжнай арганізацыі, якіх на дадзены момант у Лагойскім раёне налічваецца 1167 чалавек.    

 
Смотреть все