Главная  – События

17 верасня — Свята для кожнага беларуса

13.09.2021
17 верасня — Свята для кожнага беларуса
Новае свята, прымеркаванае да даўняй, вядомай даты, — нагода задумацца пра значэнне памяці і ўласнай гісторыі. Пра тое, што замоўчванне яе старонак не бывае бясследным, што важна ведаць пра сябе саміх усё, ведаць праўду, і цаніць дасягненні продкаў. Тое, што краіна ў 1939 годзе аб'ядналася, стала адзіная — безумоўнае і бясспрэчнае дасягненне. Усё, што ладзіцца ўладамі і грамадскасцю дзеля напаміну пра гэту падзею, накіраванае не толькі ў мінулае, далёкае і нядаўняе, не толькі ў дзень сённяшні, але і ў будучае — гэта заклік цаніць адзін аднаго і папярэджанне аб рызыцы раз'яднання, грамадскіх канфліктаў, сацыяльнай і палітычнай варожасці, страты дзяржаўнага суверэнітэту. Нам яшчэ трэба прыкласці намаганні, каб навучыцца слухаць і чуць адзін аднаго, паважаць розныя меркаванні, шанаваць іншых і бачыць еднасць паміж усімі людзьмі, паміж усімі жыхарамі гэтай краіны, і паміж тымі, хто называе сабе беларусамі. Гэта першае такое свята на памяці большасці сучаснага пакалення, як яго святкаваць — мы яшчэ толькі пачынаем прыдумваць. У адных рэгіёнах ідэі нараджаюцца самі сабой, яны прадыктаваныя падзеямі на іх тэрыторыі, у іншых дапамагаюць творчы падыход, вопыт і жаданне арганізатараў закрануць сэрцы людзей. Без «уключэння» сэрца ніводнае мерапрыемства не будзе мець сэнсу. Няхай кожны знойдзе ў гэтыя дні, і ў само 17 верасня для сябе асабісты сэнс. Ніжэй — пра асноўныя падзеі найбліжэйшых дзён на тэрыторыі ўсёй краіны.

Выстаўкі, спаборніцтвы, спектаклі

Як паведамілі «Звяздзе» ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, напярэдадні і ў Дзень народнага адзінства ў беларускай сталіцы пройдзе шэраг разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай знамянальнай даце.

На тыдні ў Мінску плануецца правядзенне дыялогавых пляцовак з удзелам мясцовых органаў кіравання, прадстаўнікоў грамадскасці. У бібліятэках горада пройдуць інфармацыйна-публіцыстычныя выстаўкі, прысвечаныя Дню народнага адзінства.

У сераду адбудзецца пашыранае пасяджэнне Мінскага гарадскога каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый па тэме «Адзіная Беларусь — моцная Беларусь!»
з удзелам экспертаў-палітолагаў.

Чацвер для арганізацый і прадпрыемстваў горада стане днём інфармавання на тэму «Дзень народнага адзінства». А ў Мінскім гарадскім палацы культуры адбудуцца ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў.

Увесь тыдзень да 17 верасня ў кінатэатрах Мінска — кінапраграмы і кінаўрокі «Памятныя даты нашай гісторыі». Пяць дзён у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі будуць ісці сумесныя тэматычныя тэатральныя праекты.

З 16 да 18 верасня на Плошчы Перамогі будзе праходзіць Вахта памяці на Пасту № 1.

Нарэшце, у сам дзень свята — 17 верасня — на пляцоўцы каля Стэлы Мінск — горад-герой адбудзецца гарадская дзіцяча-маладзёжная акцыя «Мы — адзіныя!» У гэты ж дзень у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе пройдуць спаборніцтвы паміж падлеткамі і асобамі старэйшага ўзросту. Там жа адбудзецца музычны марафон (адкрыты конкурс інтэрнэт-чэленджаў) «Люблю Беларусь. Спяваю Беларусь».

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адкрыецца выстаўка культуры і быту Беларусі «Ствараем прыгожае разам!»

Таксама святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх раёнах беларускай сталіцы.

Сяргей РУЧАНАЎ


Пасланне да нашчадкаў

У Гродне да Дня народнага адзінства на Кургане Славы будзе закладзена капсула часу, а на Старым мосце установяць сімвалічныя барэль'ефы.

Курган Славы быў урачыста адкрыты 17 верасня 1969 года, да 30-годдзя аб'яднання Беларусі. Тады ж у нішу над памятнай плітой была закладзена капсула з пасланнем да нашчадкаў. Днямі яна была ўрачыста вынята, а яе тэкст стаў здабыткам для ўсёй гродзенскай грамадскасці. У прыватнасці, там ёсць такія радкі: «Гэты Курган насыпаны ў памяць мужных змагароў за аб'яднанне Заходняй Беларусі ў адзіную БССР. Ён — помнік тым, хто выратаваў Радзіму, выратаваў цывілізацыю ад карычневай чумы фашызму ў Вялікую Айчынную вайну».

Капсула з пасланнем перададзена на захаванне ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. А каб сувязь часоў не абарвалася, дадзены старт конкурсу на новае пасланне нашчадкам, якое таксама павінны абнародаваць праз 50 гадоў. Закладка новай капсулы часу адбудзецца ва ўрачыстай абстаноўцы 17 верасня 2021 года, у Дзень народнага адзінства на Кургане Славы.

— Дата, калі адбылося аб'яднанне беларускіх зямель, стала сімвалічнай у гісторыі беларускага народа. Але гэтыя здабыткі яшчэ трэба было адстаяць. Аб мужнасці герояў сведчыць і наш курган, куды прывозілі зямлю з брацкіх магіл воінаў і партызанаў з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Мемарыял ператварыўся ў сапраўдную святыню, а капсула з пасланнем стала яшчэ адным напамінам, як важна зберагчы мір, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка. — Патрыятычная акцыя пройдзе на Кургане Славы і аб'яднае ўсе пакаленні гродзенцаў. Спадзяюся, што сведкамі гэтых падзей роўна праз 50 гадоў стануць многія маладыя ўдзельнікі гэтай урачыстасці.

Ігар Булаўка расказаў, што цікавая акцыя будзе зладжана на Старым мосце ў Гродне. Яго гісторыя таксама звязаная з датай 17 верасня. Да 10-годдзя аб'яднання Беларусі было прымеркавана адкрыццё моста пасля капітальнага рамонту ў 1949 годзе. Аб гэтым сведчылі і адпаведныя барэльефы з абодвух яго бакоў. Яны знятыя падчас маштабнай рэканструкцыі аб'екта, і цяпер у адноўленым выглядзе зноў зоймуць сваё месца, як і 70 гадоў таму.

У Гродзенскай вобласці ў Дзень народнага адзінства будуць уведзены і новыя аб'екты. Напрыклад, у Скідзелі адкрыецца кіназала, у Смаргоні — шматкватэрны сацыяльны дом, у Карэлічах — абноўлены філіял раённай бібліятэкі. У Воранаве пачне дзейнічаць музейны пакой «Назад у СССР».

З'явяцца новыя памятныя знакі. Адзін з іх будзе ўстаноўлены на месцы закладкі будучага жылога комплексу мікрараёна Пагараны ў Гродне. А ў Шчучыне памятны знак з'явіцца на вуліцы 17 верасня і будзе сімвалізаваць Дзень народнага адзінства. Ва ўсіх раёнах вобласці ў гэты дзень будуць высаджаны алеі дружбы і адзінства.

Дзень горада — 680-годдзе ўтварэння — адзначаць 17 верасня Ашмяны. Тут будзе зладжана нямала ўрачыстасцяў. Па-першае, адкрыццё пляцоўкі дзяржаўнага сцяга з 18-метровым флагштокам. У квартале шматкватэрнай жылой забудовы з'явіцца новая пляцоўка для міні-футбола. Увогуле праграма свята тут разлічана на два дні. У Гродне Дзень горада, які таксама прымеркаваны да 17 верасня, абяцае быць даволі насычаным. Гараджане атрымаюць у падарунак новыя аўтобусы. Імёны найлепшых гродзенцаў будуць занесены ў Кнігу славы Гродна. На вуліцы «17 верасня» пройдзе культурна-спартыўная праграма.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Абноўленыя мемарыялы

Ва ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці рыхтуецца вялікая праграма святкаванняў Дня народнага адзінства. Да 17 верасня прымеркавана адкрыццё памятных дошак, абноўленага мемарыяла, музея. Конкурсы, флэшмобы, дыскусійныя пляцоўкі збяруць пераважна маладзёжную аўдыторыю. Будуць таксама традыцыйныя аўта- і велапрабегі.

Паводле інфармацыі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяны ГАГАКАВАЙ, адным з першых святочную праграму адкрываюць горад Баранавічы. У суботу, 11 верасня, тут адбудуцца велапрабег і атлетычны забег «За Беларусь». Аматары спорту і здаровага спосабу жыцця прысвячаюць свае старты дзяржаўнаму святу. 17 верасня ў сярэдняй школе № 1 Баранавіч адкрыюць музей народнага адзінства.

Моладзь горада рыхтуе форум па папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў «Мы — адзіная сям'я» і актыўна ўдзельнічае ў гарадской інтэлектуальнай гульні QUІZ «У адзінстве народа — сіла дзяржавы».

Насычаная праграма мерапрыемстваў намечана ў Бярозе. Як вядома, да 1939-га тут знаходзіўся вельмі жорсткі канцэнтрацыйны лагер. Памятны знак на месцы лагера ўстаноўлены даўно, а цяпер правялі яго рэканструкцыю. І 17 верасня рэканструяваны мемарыял адкрыюць ва ўрачыстай абстаноўцы. Таксама ў будынку Чырвоных казармаў будзе адкрытая часовая музейная экспазіцыя «Канцлагер «Бяроза-Картузская». Вечарам у райцэнтры пройдзе святочны канцэрт, прысвечаны Дню народнага адзінства.

Конкурс патрыятычнай песні прымеркавалі да свята ў Брэсцкім раёне. Ён адбудзецца ў аграгарадку Чэрні, у раённым Доме культуры. У Брэсце флэшмобы, песенныя эстафеты, невялікія акцыі пройдуць у розных раёнах горада. У святочны дзень адбудзецца «ІІІ Берасцейскі дыялог» — форум з удзелам сталічных спікераў стане яшчэ адной дыскусійнай пляцоўкай на актуальныя тэмы.

На месцы пахавання воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, будзе адкрыта мемарыяльная дошка. Пахаванне знаходзіцца ў гарадскім парку, на магіле стаіць помнік, але на яго пастаменце накрэслены толькі прозвішчы афіцэраў і салдат, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Яны таксама там пахаваныя. Цяпер вось будзе адноўлена гістарычная справядлівасць, і з'явяцца імёны загінулых 1939 года. Каля помніка пройдзе памятнае мерапрыемства.

Як паведамляе ў сваім тэлеграм-канале старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК, у гэты дзень у музеях Брэсцкай крэпасці, гісторыі горада і краязнаўчым музеі будзе дзейнічаць бясплатнае наведванне (акрамя экскурсійнага абслугоўвання).

Святлана ЯСКЕВІЧ


Душа народа — у яго сімвалах

Яшчэ задоўга да Дня народнага адзінства — свята, якое ўпершыню праводзіцца ў нашай краіне 17 верасня, — на Міншчыне пачаліся шматлікія мерапрыемствы: аўтапрабегі, фестывалі, творчыя сустрэчы, выступленні самадзейных калектываў, спаборніцтвы, флэшмобы, сустрэчы кіраўніцтва вобласці і раёнаў з моладдзю, працоўнымі калектывамі, дыялогавыя пляцоўкі, патрыятычныя акцыі, акцыі па добраўпарадкаванні малой радзімы, тэматычныя кніжныя выстаўкі. Пра гэта расказалі «Звяздзе» ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама.

Першага верасня ва ўсіх навучальных установах настаўнікі расказалі вучням аб гісторыі аб'яднання Заходняй Беларусі і БССР.

17 верасня ў Барысаве на Цэнтральнай плошчы пройдзе ўрачысты сход, прысвечаны Дню народнага адзінства, будуць працаваць разнастайныя пляцоўкі ў парку культуры і адпачынку, інтэрактыўная пляцоўка на праспекце Рэвалюцыі. У лёгкаатлетычным забегу возьмуць удзел усе ахвотныя розных узростаў і прафесій.

Шмат цікавага прапануе Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Пранузы. Гэта кніжная ілюстраваная выстаўка «Скарб народа Беларусі ў яднанні», «Душа Беларусі — у сімвалах яе», літаратурна-музычны вечар «Блаславёна будзь ты, родная зямля» і іншае.

У Старадарожскім раёне з першага верасня праходзіць патрыятычная акцыя «Наша сіла ў адзінстве», з 10 верасня — маладзёжны марафон «Шануем памяць нашых герояў», якія прадоўжацца і падчас свята народнага адзінства. На дыялогавай пляцоўцы з удзелам старшыні райвыканкама, спецыялістаў усе ахвотныя могуць выказацца наконт сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Жыхароў Старадарожчыны запрашаюць таксама ў літаратурна-музычную гасцёўню «Разам мы адзіныя», на лекцыю «Дзень, які нас аб'ядноўвае», мітынг-рэквіем з удзелам клуба рэканструктараў «Памяць».

У Капыльскім раёне можна паўдзельнічаць у лёгкаатлетычным забегу «За адзіную Беларусь».

Да святкавання Дня народнага адзінства актыўна падключыліся і бібліятэкі Стаўбцоўскага раёна, дзе адбудуцца кніжныя выстаўкі, патрыятычныя, інфармацыйныя гадзіны, экскурсы ў мінулае, круглыя сталы, тэматычныя гутаркі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Дзве новыя алеі

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Навіцкая запэўніла карэспандэнта «Звязды», што ўсе святочныя акцыі ў вобласці пастараюцца зрабіць вельмі цікавымі, таму цяжка вызначыць нешта асобна.

16 верасня будзе рэалізаваны рэспубліканскі праект «Дзень добрых спраў» (навядуць парадак на сацыяльна значных аб'ектах). Закладка дзвюх алей — «Адзінства» і «Дружбы» — увогуле ажыццяўляецца на працягу месяца. У Наваполацку за пару дзён да свята пачнецца стварэнне тэматычнага мурала.

Ва ўстановах адукацыі правядуць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства (арт-панарамы, анлайн-марафоны, канцэртныя праграмы). Запланавана таксама правядзенне інфармацыйных і класных гадзін, выхаваўчых мерапрыемстваў (тэматычныя выставы ў музеях, конкурсы, віктарыны, экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, вядомымі людзьмі Віцебшчыны).

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ў верасні ў «сусветнай павуціне» вельмі актыўны ў папулярызацыі новага свята. У прыватнасці, праводзяцца флэшмобы «Беларусь — тэрыторыя адзінства», маладзёжны open-aіr #Сцяг, аўтарух #Джыптрыял, фотачэлендж.

Багатая спартыўная праграма. Ужо прайшла XІІІ міжгаліновая спартакіяда прафсаюзаў Віцебскай вобласці, прысвечаная Году народнага адзінства.

11 верасня — у Віцебскім раёне — аўтапрабег з удзелам членаў грамадскіх аб'яднанняў вобласці, у прыватнасці, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, БРСМ, ДТСААФ. На 12 верасня запланавана правядзенне ІV Віцебскага абласнога адкрытага шахматнага тэмпатурніру.

У асноўны дзень святкавання запланавана грамадзянска-патрыятычная акцыя «Мы — адзін народ, у нас адна краіна». Таксама 17 верасня ў канцэртнай зале «Віцебск» адбудзецца ўрачысты сход прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскасці вобласці, прысвечаны Дню народнага адзінства.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Мурал, агульны каравай і поціскі рук

Гомель да Дня народнага адзінства рыхтуецца ўпісаць у аблічча горада новыя сімвалы яднання народа.

На адным з будынкаў цэнтральнага гомельскага праспекта мінакоў інтрыгуюць працэсам стварэння маштабнага мурала. Кампазіцыя плошчай 160 квадратных метраў адкрыецца ў сваёй поўнай велічы 17 верасня. Аўтары праекта — маладыя гомельскія мастакі, а ініцыятыва падтрыманая аблвыканкамам і гомельскімі прадпрыемствамі. Днямі мастакі пачалі працаваць над нанясеннем малюнка: у цэнтры кампазіцыі — вобраз жанчыны, якая трымае ў руках Беларусь. Галоўны пасыл мурала — «Мы — адно цэлае».

Між тым, за тыдзень да святкавання Дня народнага адзінства Гомельшчына прымае ўдзельнікаў рэспубліканскага аўтапрабегу-марафону «Сімвал адзінства». За тры дні патрыёты краіны, аб'яднаныя ў аўтакалону пад дзяржаўнымі сцягамі, праедуць больш за 900 кіламетраў, наведаюць знакавыя гістарычныя мясціны кожнага раёна вобласці.

Кожны раён перадасць удзельнікам аўтапрабегу мяшэчак са збожжам новага ўраджаю, потым з гэтых зярнятак плануюць спячы вялікі каравай — сімвал дружнай краіны.

Моладзь Гомельшчыны цяпер бярэ актыўны ўдзел у акцыі «Поціск рукі», да якой далучыўся рэгіён. Як падкрэсліваюць у Гомельскім абласным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, сутнасць акцыі — у сімвалічнасці поціску рукі як яднання нашага народа, нашай моладзі. Пры гэтым дзеянні ўдзельнікамі акцыі перадаецца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Сама акцыя праходзіць у анлайн-фармаце, але ўсе сустрэчы і запіс поціскаў рукі праходзіць «ужывую». Для чэленджу выбіраюцца знакавыя для рэгіёна мясціны. У пачатку новага тыдня яго падхопяць усе раёны вобласці. Як удакладнілі ў абкаме, сцяг, які перадаюць удзельнікі акцыі, аб'едзе ўсе раёны Гомельшчыны і ў Дзень народнага адзінства будзе перададзены ў музей Саюза моладзі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА.


І памятны знак...

«Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, праводзяцца на Магілёўшчыне яшчэ са жніўня, — паведаміла «Звяздзе» начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка. — Нашы рэгіянальныя СМІ прысвяцілі гэтай тэматыцы спецыяльныя рубрыкі. З 1-га верасня ў вобласці праходзяць флэшмобы на тэму адзінства, фотачэленджы, у школах — інфармацыйныя гадзіны арганізаваны конкурс дзіцячых эсэ і малюнкаў. Ва ўстановах культуры і адукацыі — канцэртныя, гульнявыя праграмы. У бібліятэках арганізавана работа тэматычных выставак, у кінатэатрах ладзяцца паказы фільмаў на зададзеную тэму. На працягу перадсвяточнага тыдня запланавана правядзенне дыялогавых пляцовак, круглых сталоў. Грамадскія аб'яднанні «Патрыёты Беларусі», БРСМ разам з рай-, гарвыканкамамі арганізоўваюць правядзенне аўтапрабегаў «Эстафета адзінства» і велапрабегаў. Вобласць возьме ўдзел у рэспубліканскім лёгкаатлетычным забегу «За адзіную Беларусь». Адбудзецца абласная канферэнцыя на тэму «Дзень народнага адзінства». 15 верасня ў Палацы культуры вобласці моладзь сустрэнецца з нашым вядомым параалімпійцам Аляксеем Талаем».

Напярэдадні Дня народнага адзінства ва ўсіх раёнах і гарадах Магілёўшчыны пройдуць адзіныя дні інфармавання на гэтую тэму, у рамках праекта «Дзень добрых спраў» будзе наводзіцца парадак на сацыяльна значных аб'ектах, дадала Кацярына Музычэнка. 16 верасня ў Палацы культуры вобласці пакажуць вялікі канцэрт, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, а на само свята — 17 верасня — пройдуць урачыстыя мерапрыемствы і адкрыюцца новыя аб'екты. У Магілёве, напрыклад, каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыум» будзе ўстаноўлены памятны знак у гонар адзінства і адкрыецца дарога-дублёр.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Смотреть все