Рэспубліканская акцыя "Сад надзеі"

22.11.2021
Рэспубліканская акцыя "Сад надзеі"
Гэта акцыя ператварылася ў сапраўднае свята для школы, удзел у якім прынялі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько, старшыня Орлеўскага сельвыканкама Андрэй Шэршань, ветэраны педагагічнай працы Уладзімір Генадзьевіч і Людміла Сцяпанаўна Пацяйковічы, Аліна Браніславаўна Ненартовіч, Марыя Сцяпанаўна Уладыкіна і Іван Эдуардавіч Ліхарай, педагогі, маладыя спецыялісты Вольга Возная і Дар'я Закусіла і, канечне, самі вучні.

Распачалася акцыя, якая праходзіць у Год народнага адзінства і аб'ядноўвае ўсе пакаленні, са школьнай лінейкі, падчас якой з прывітальным словам да рабят звярнулася Жанна Іванаўна:

– Назва акцыі глыбока сімвалічная. Сёння вы пасадзіце яблынькі як сімвал надзеі на добрую будучыню. Вы самі будзеце даглядаць маладзенькія дрэўцы, паліваць іх, а потым пакаштуеце першы яблычак, які на іх вырасце. Як будзе квітнець садок, так будзе квітнець і ваша школа, якую вы абавязкова праславіце сваімі добрымі справамі, сур'ёзнымі дасягненнямі і вялікімі поспехамі.

А дырэктар школы Уладзімір Уладзіміравіч Хэлскі гаварыў рабятам аб тым, як прыемна ім будзе праз шмат год вярнуцца ў родную школу, знайсці "сваё" дрэўца і ганарыцца тым, што яно сваімі пладамі радуе наступныя пакаленні дзяцей.

З вялікім задавальненнем прымаў удзел у гэтым мерапрыемстве і былы дырэктар школы, які аддаў педагогіцы 50 год свайго жыцця, Уладзімір Генадзьевіч Пацяйковіч. Ён расказаў дзецям, што ў той час, калі ён пачынаў працаваць, каля былой школы таксама быў закладзены маладзенькі садок. Уладзімір Генадзьевіч шчыра парадаваўся, што добрая традыцыя знайшла свой працяг.

У гэты ўрачысты дзень вучні і настаўнікі Орлеўскага дз/с-СШ імя С.П. Шупені вырашылі закласці "Капсулу надзей", у якую змясцілі пісьмы са сваімі марамі, надзеямі і жаданнямі. Да іх далучыліся педагогі-ветэраны і госці. Гэта капсула будзе адкрыта праз пяць год, калі яблынькі пачнуць даваць свой першы ўраджай. Вось тады і будуць прачытаны ўсе пісьмы, а іх аўтары даведаюцца, ці збыліся іх мары.

Усе ўдзельнікі акцыі дружна накіраваліся на адведзены ўчастак, дзе ўжо былі падрыхтаваны ямкі і раскладзены саджанцы. Пад вясёлы смех і жарты спорылася работа. Адно за адным у роўненькія радочкі выстройваліся маладзенькія дрэўцы. Кожнае з іх падвязалі да ўмацаванага побач калочка.

І вось надышоў важны момант: закладка капсулы. Гэта ганаровая місія была даверана Яне Шкляр, Таццяне Герасімчык і Яраславу Стасюкевічу. Пра сур'ёзную падзею ў жыцці школы цяпер будзе нагадваць надпіс на ўстаноўленай таблічцы і сімвалічны камень.

– Няхай расце і цвіце наш агульны садок, – звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі Іван Эдуардавіч Ліхарай. – А мы будзем назіраць за тым, як набіраюць моц маладыя дрэўцы, успамінаць нашу агульную справу і радавацца новым ураджаям.

 

Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 

У тэму

– Сёння ўдзел у акцыі "Сад надзеі" прынялі таксама педагогі і вучні Галавічпольскага дз/с-СШ, – гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько. – Яны пасадзілі 10 яблынь. Усе гэтыя дрэўцы ўстановы адукацыі атрымалі ў падарунак ад Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства, які ўзначальвае Сяргей Шэўчык. Плануецца, што сады будуць закладзены ў шасці ўстановах адукацыі раёна: да Орлеўскага і Галавічпольскага дз/с-СШ вясною далучацца СШ №1, СШ №2 і СШ №3 г. Шчучына, а таксама Астрынская СШ. 

А для таго, каб педагогі і школьнікі належным чынам даглядалі пасаджаныя дрэўцы, на базе інстытута для адзінаццаці ўстаноў адукацыі, у якіх ужо ёсць і яшчэ будуць закладзены сады, плануецца арганізаваць "Школу садавода", заняткі ў якой будуць праводзіць спецыялісты. Яны навучаць і дарослых, і дзяцей, як рыхтаваць сад да зімы, як абрэзваць, апрацоўваць ад шкоднікаў, а таксама падкормліваць дрэўцы і многаму іншаму.

Смотреть все